«У апошнія некалькі гадзін нашыя вайскоўцы пры падтрымцы францускіх узброеных сілаў падняліся на борт нафтавага танкера, што належыць расейскаму ценявому флёту. Цяпер судна суправаджаюць у порт Зэбруге, дзе яно будзе канфіскавана».
«Без свайго ценявога флёту Пуцін ня можа весьці вайну супраць нявінных украінцаў, — растлумачыў Тэа Франкен. — Таму мы выведзем гэтыя судны з гульні. Адно за адным. Пакуль ягоная агрэсіўная вайна ня спыніцца. Няхай Бэльгія і невялікая краіна, але мы адна зь дзяржаў-заснавальніц NATO і ЭЗ і разумеем сваю адказнасьць».
Міністар паведаміў Reuters, што захопленае судна, імаверна, ішло пад «фальшывым сьцягам і з падробленымі дакумэнтамі». Паводле інфармацыі бэльгійскага мэдыя RTBF, танкер пад назвай Ethera ішоў пад сьцягам Гвінэі.
Танкер Ethera, як нагадвае Astra, зьвязаны з падсанкцыйнай кампаніяй Fractal Marine DMCC (ААЭ), якая лічыцца адным зь вядучых апэратараў расейскага «ценявога флёту». Само судна, паводле адкрытых крыніц, уваходзіць у марскую сетку Алі Шамхані — сына галоўнага палітычнага дарадцы вярхоўнага лідэра Ірана Алі Хамэнэі, які напярэдадні быў забіты ў выніку амэрыкана-ізраільскай атакі. Флёт, што належыць Алі Шамхані, транспартуе нафту і нафтапрадукты з Ірана і Расеі.
Танкер Ethera знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, ЭЗ, Канады, Швайцарыі, Вялікабрытаніі і Ўкраіны. Эўрапейскі зьвяз уключыў у свой сьпіс 598 суднаў, якія падазраюцца ў прыналежнасьці да «ценявога флёту» і якім забаронены ўваход у эўрапейскія парты і марскія перавозкі.
17 лютага пасьля дарагой трохтыднёвай стаянкі ў Фос-сюр-Мэр Францыя адпусьціла танкер Grinch, што належыць расейскаму «ценявому флёту», пад абавязацельства сплаціць штраф у некалькі мільёнаў эўра. 9 лютага ЗША затрымалі ў Індыйскім акіяне танкер Aquila II расейскага «ценявога флёту».
Форум