Пра гэта прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон паведаміў прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму падчас тэлефоннай размовы 29 студзеня.
Зяленскі на сустрэчы з журналістамі ў пятніцу сказаў, што падзякаваў Макрону за затрыманьне танкера. Францускі прэзыдэнт, у сваю чаргу, расказаў аб намеры зьмяніць заканадаўства, каб у далейшым затрыманыя танкеры заставаліся арыштаванымі.
Міжнароднае марское права не дапускае захоп грамадзянскіх судоў у міжнародных водах за выключэньнем шэрагу асаблівых выпадкаў. Як адзначае выданьне «Палітыка краіны», усе іншыя выпадкі затрыманьня танкераў «ценевага флёту» эўрапейскімі краінамі таксама заканчваліся тым, што караблі празь некаторы час адпускалі.
22 студзеня францускія вайскоўцы затрымалі ў Міжземным моры нафтавы танкер Grinch, які выйшаў з Мурманску. Судна было ўнесенае ў санкцыйныя сьпісы ЭЗ, ЗША і Вялікай Брытаніі ў ліпені 2025 года. Судна ходзіць пад сьцягам Каморскіх выспаў і возіць нафту ў асноўным у Кітай і Індыю. 26 студзеня капітан танкера быў арыштаваны, гэта 58-гадовы грамадзянін Індыі.
Макрон аб’явіў аб затрыманьні танкера з расейскай нафтай практычна адначасова з прамовай Зяленскага на Давоскім форуме. У сваёй прамове ўкраінскі прэзыдэнт заклікаў эўрапейскіх партнэраў рушыць усьлед Злучаных Штатаў, якія спыняюць танкеры расейскага «ценевага флёту» і канфіскуюць іх груз.
- З пачатку сьнежня амэрыканскія вайскоўцы затрымалі ў Карыбскім моры сем танкераў у рамках апэрацыі па блякадзе судоў, якія дзейнічаюць у парушэньне санкцыяў. Адзін зь іх — танкер Sagitta. Міністэрства фінансаў ЗША ў якасьці падставы для ўнясеньня гэтага судна ў санкцыйны сьпіс прыводзіла ўказ аб санкцыях супраць Расеі ў сувязі з уварваньнем ва Ўкраіну.
- Сярод затрыманых амэрыканскімі вайскоўцамі судоў ёсьць і танкер Marinera, які плыў пад расейскім сцягам. Масква называла захоп незаконным, абвінаваціўшы Вашынгтон у распальваньні напружанасьці і пагрозе міжнароднаму суднаходству.
Форум