Прадукцыю сканфіскавалі ў 2022 годзе пасьля падтрыманага ўладамі Беларусі расейскага ваеннага ўварваньня і перадалі адной з вайсковых частак для выкарыстаньня ў мэтах абароны.
Як стала вядома Свабодзе зь інфармаваных крыніц, баўгарская кампанія HUS Ltd перад вайной набыла на Беларускім мэталюргічным заводзе на падставе афіцыйнага кантракту 1 314 182 кіляграмы стальной катанкі, за якую БМЗ нібыта атрымаў каля 652 тысячы даляраў. Прадукцыю транспартавалі зь Беларусі ў Літву і потым праз Клапэйдзкі порт у порт Адэсы, дзе ўжо прадукцыю пасьпелі перагрузіць для далейшай адпраўкі ў Баўгарыю, але пачалася поўнамаштабная вайна і груз затрымаўся.
Пачынаючы з 2022 году, Украіна сканфіскавала ўсю беларускую прадукцыю, што знаходзілася ў партах, на чыгунцы і ў мытных зонах на ўкраінскай тэрыторыі, празь якую прадпрыемствы Беларусі перамяшчалі свае тавары для іх канчатковых атрымальнікаў у розных рэгіёнах сьвету.
Вядома, што толькі ў Адэскім марскім порце з 2022 году затрымалі больш за тры мільёны кіляграм прадукцыі Беларускага мэталюргічнага заводу.
Суд адмовіў баўгарскай кампаніі ў вяртаньні беларускай мэталяпрадукцыі, паколькі паводле дакумэнтаў, яна належыць менавіта Беларускаму мэталюргічнаму заводу.
Паводле заканадаўства, кампанія HUS Ltd можа абскардзіць гэтае рашэньне ў апэляцыйным парадку.
- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 100 тых, хто ваяваў на баку Расеі.
Форум