Беларускі мэталюргічны завод (БМЗ) прыпыніў «вытворчасьць некаторых відаў прадукцыі, каб не працаваць стратна».
Пра гэта заявіў намесьнік генэральнага дырэктара ў тэхналёгіях і якасьці Сяргей Цярлецкі на сустрэчы з работнікамі электрасталеплавільнага цэху № 1.
«Да канца першага паўгодзьдзя БМЗ выпусьціў крыху менш за 1 мільён тон сталі. Так, было больш, але ў сёньняшніх рэаліях гэта добры паказьнік», — заявіў Цярлецкі, якога цытуе «Позірк».
«У мінулым месяцы кіраўніцтва кампаніі некалькі разоў на сустрэчах з пэрсаналам згадвала пра цяжкасьці ў сувязі з санкцыйнымі абмежаваньнямі і вонкавым асяродзьдзем. Так, паводле інфармацыі прэс-службы ад 26 чэрвеня, генэральны дырэктар Дзьмітры Корчык заявіў, што «пачатак году быў складаным, у першую чаргу з прычыны зьніжэньня цэнаў на мэталюргічную прадукцыю на сусьветным рынку».
Корчык зьвязаў складаную сытуацыю з тым, што на расейскі рынак выйшлі кітайскія вытворцы аўтамабіляў, якія «маюць свае шыны». Праз падзеньне экспарту корду «на заводзе ідзе працэс аптымізацыі пэрсаналу», — сказаў генэральны дырэктар.
«Тэндэнцыю да зьніжэньня замоваў на вытворчасьць мэталаканструкцыяў» у Расеі адзначыў і намесьнік генэральнага дырэктара Ігар Чарняўскі, які адказвае за гэты кірунак :
«Ранейшае спажываньне шын зьменшылася, адпаведна зьменшылася і спажываньне мэталакорду. Акрамя таго, на гэтым рынку вялікая канкурэнцыя з боку кітайскіх вытворцаў шын, якія актыўна дэмпінгуюць цэны».
У студзені асацыяцыя былых сілавікоў BelPol назвала БМЗ адным са зьвёнаў у ланцугу масавай вытворчасьці ў Беларусі снарадаў для расейскай арміі.
БМЗ працуе з 1984 году ў Жлобіне (Гомельская вобласьць).
Ён аб’ядноўвае чатыры вытворчасьці: сталеліцейную, пракатную, трубную і мэталаапрацоўчую.
Завод — кіроўная арганізацыя холдынгу «Беларуская мэталюргічная кампанія», які кантралюе дзяржава.
Завод пад санкцыямі Эўрапейскага Зьвязу, ЗША, Украіны і іншых краін.
Форум