На БМЗ прызналі, што завод зьнізіў аб’ёмы вытворчасьці праз наступствы санкцыяў і цэны на сусьветным рынку

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускі мэталюргічны завод зьменшыў аб’ёмы вытворчасьці: сёньня прадпрыемства працуе на ўзроўні 90% да мінулага году, паведаміў намесьнік генэральнага дырэктара ў тэхнічным разьвіцьці — галоўны інжынэр БМЗ Мікалай Анэлькін на сустрэчы з калектывам аднаго з цэхаў, піша прэс-служба заводу.

«Такі выбар дыктуе нам існая сытуацыя: складанасьці зь лягістычнымі ланцужкамі і цэнаўтварэньне на рынках. Выгодней працаваць зь меншымі абʼёмамі, чым мець рызыку зрабіць страту», — адзначыў Мікалай Анэлькін.

Як паведамляе прэс-служба БМЗ, галоўнымі тэмамі сустрэчы Мікалая Анэлькіна з калектывам сталі «сытуацыя на сусьветным рынку мэталюргіі і праца заводу ў гэтых умовах».

Ён адзначыў, што частка мэталалому паступае на БМЗ зь Беларусі, і гэта «выгадна» заводу, але іншую частку закупляюць у розных рэгіёнах Расеі, што «абыходзіцца даражэй».

«Санкцыі, СВА (так улады Расеі і Беларусі называюць поўнамаштабную вайну Расеі супраць Украіны. — РС), забарона праезду да Балтыйскага мора — усё гэта павялічвае выдаткі на транспартаваньне. Таму мы імкнемся прымаць аптымальныя рашэньні, каб забясьпечыць усімі неабходнымі матэрыяламі, у першую чаргу, сталеплавільную вытворчасьць — яна наўпрост залежыць ад паставак мэталалому. Больш загружаная на сёньня пракатная вытворчасьць, больш складана з загрузкай сталедрацяных цэхаў», — адзначыў ён.

Пры гэтым галоўны інжынэр БМЗ запэўніў, што завод не скарачае сваіх спэцыялістаў, «каб ня страціць у якасьці, калі сытуацыя на сусьветным рынку мэталюргіі зьменіцца ў лепшы для нас бок».

Беларускі мэталюргічны завод у жніўні 2023 году трапіў пад санкцыі Эўразьвязу за сувязі з рэжымам Лукашэнкі і рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці. Прадпрыемства спрабавала аспрэчыць санкцыі, але 19 сакавіка 2025 году суд Эўразьвязу адхіліў пазоў БМЗ.

Паводле зьвестак ініцыятывы былых сілавікоў BelPol, жлобінскі завод БМЗ сярод шэрагу іншых беларускіх прадпрыемстваў удзельнічае ў вытворчасьці снарадаў калібраў 122 і 152 мм, у тым ліку для расейскіх рэактыўных сыстэмаў залпавага агню «Град», якія абстрэльваюць Украіну. Таксама, паводле BelPol, БМЗ «пастаўляе Расеі мэтал, зь якога ў канчатковым выніку вырабляюць ракеты», якія Расея можа ўжываць у вайне супраць Украіны.

  • Беларускі мэталюргічны завод трапіў у рэйтынг 50 найбуйнейшых замежных кампаніяў у Расеі паводле выручкі ў 2023 годзе, які вядзе расейская вэрсія часопісу Forbes: завод заняў 26 месца з 94,3 млрд расейскіх рублёў выручкі.
  • У траўні 2022 году «Беларускі мэталюргічны завод» трапіў пад санкцыі Ўкраіны, у жніўні — ЭЗ і ЗША. Яны прадугледжваюць, што сродкі БМЗ у Эўропе мусяць быць замарожаныя, ніякія сродкі і эканамічныя рэсурсы ня могуць перадавацца заводу наўпрост ці ўскосна.
  • У ліпені 2023 году кіраўніцтва БМЗ заявіла, што прадпрыемства знайшло новыя рынкі, усе ключавыя паказьнікі прадпрыемствы холдынгу выканалі, а за першае паўгодзьдзе 2023 году завод экспартаваў прадукцыі на $ 660,5 млн.
  • Журналісты высьветлілі, што БМЗ працягвае гандляваць з Эўропай, абыходзячы санкцыі ЭЗ, празь літоўскія кампаніі Milca Baltija і Eurologistikos bazė.
  • У 2024 годзе БМЗ «працаваў рэнтабэльна і завяршыў яго з прыбыткам», заявіў першы намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства Анатоль Волкаў. Паводле намесьніка генэральнага дырэктара ў замежных эканамічных сувязях Уладзімера Чавуса, летась на БМЗ вырабілі на 2% сталі больш, чым у 2023 годзе, — 2,3 мільёна тон, а тэмп росту выручкі склаў 109,6%.

Раней урад вырашыў, што «Беларусбанку» кампэнсуюць страты ад выдачы экспартнага крэдыту Беларускаму мэталюргічнаму заводу ў Жлобіне (БМЗ), што вынікае з пастановы Савету Міністраў № 330.

У канцы сакавіка 2023 году ўрад Беларусі пастанавіў такой жа схемай кампэнсаваць «Белаграпрамбанку» страты ад выдачы крэдыту БМЗ (2,65 млрд расейскіх рублёў).

​
XS
SM
MD
LG