Трамп заявіў аб перамозе над Іранам, але апэрацыю пакуль будуць працягваць

Амэрыканскія самалёты заладоўваюць ракетамі на вайсковай базе ў Вялікай Брытаніі, 11 сакавіка 2026 году
Амэрыканскія самалёты заладоўваюць ракетамі на вайсковай базе ў Вялікай Брытаніі, 11 сакавіка 2026 году

Раніцай 12 сакавіка ізраільскія вайскоўцы абвясьцілі новую «шырокамаштабную хвалю» ўдараў па Тэгеране.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты «перамаглі» ў вайне супраць Ірану, але амэрыканскія сілы будуць наносіць удары надалей.

Як паведаміла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, гэтая заява прагучала пасьля таго, як Тэгеран атакаваў сама меней шэсьць караблёў у рэгіёне і паабяцаў наступныя ўдары.

«Ніколі ня хочацца казаць занадта рана аб перамозе. Мы перамаглі», — сказаў Трамп на перадвыбарчым мітынгу ў Кентукі 11 сакавіка.

«У першую гадзіну ўсё скончылася», — дадаў ён.

Камэнтары Трампа і Белага дому апошнімі днямі былі розныя: ад здагадак, што вайна можа доўжыцца ад чатырох да шасьці тыдняў ці даўжэй, да магчымасьці таго, што яна можа скончыцца «хутка».

Трамп заявіў, што амэрыканска-ізраільскі напад на Іран, які пачаўся 28 лютага, «фактычна зьнішчыў» гэтую дзяржаву, у тым ліку значную частку яе кіраўніцтва, узброеных сілаў і ядзернай праграмы.

Тым ня менш, сказаў прэзыдэнт ЗША, удары працягнуцца. «Мы ж ня хочам сыходзіць раней, ці ня так?» — сказаў Трамп. «Мы павінны скончыць працу».

Ізраіль таксама даў зразумець, што не гатовы спыніць сваю кампанію, у тым ліку ўдары ў Лібане на хаўрусныя Ірану сілы «Хэзбалы» (прызнаная тэрарыстычнай групай у ЗША і Эўразьвязе), і заявіў, што ў яго застаецца «шырокі набор цэляў».

«Мы пашырым нашы апэрацыі», — заявіў прадстаўнік арміі, брыгадны генэрал Эфі Дэфрын на брыфінгу 11 сакавіка.


​
XS
SM
MD
LG