На радзіму ў ноч на 11 сакавіка вярнуліся больш за 300 беларусаў. У аэрапорце іх сустракалі родныя і блізкія.
Выкананьне палёту стала магчымым пасьля атрыманьня па дыпляматычных каналах спэцыяльных дазволаў ад авіяцыйных уладаў Катару ва ўмовах рэгіянальных абмежаваньняў. Гэта стала вынікам супольных намаганьняў пасольства Беларусі ў Катары, МЗС, Міністэрства абароны і авіяцыйных уладаў Катару, паведамляе Рэспубліканскі зьвяз турыстычных арганізацый.
Выкананьне рэгулярных рэйсаў часова прыпыненае да 28 сакавіка ў сувязі з адкліканьнем месцаў на рэйсы і дазволаў авіяцыйнымі ўладамі Дубаю. Але працягваюцца вывазныя рэйсы.
У сераду, 11 сакавіка, заплянаваны вывазны рэйс з Дубаю. На гэты рэйс Belavia можна набыць білеты.
Квіткі на скасаваныя рэйсы ў Дубай і назад, а таксама з датамі вылету 29.03, 30.03, 31.03 можна вярнуць бяз штрафаў.
З 6 па 8 сакавіка авіякампанія «Белавія» зьдзейсьніла тры вывазныя рэйсы з Дубаю. Два былі выкананыя на «Боінг-737-800» з тэхнічнай пасадкай у казаскім Актаў, яшчэ адзін — на А330-200. Агулам за тры дні ў Беларусь перавезьлі 645 чалавек.
Цяпер авіякампанія працуе над атрыманьнем новых месцаў і дазволаў на палёты ў Дубай і працягвае сачыць за разьвіцьцём сытуацыі.
А раніцай 11 сакавіка «Белавія» паведаміла, што пасажыры могуць ня толькі вярнуць білеты ў Тэль-Авіў і зь яго, але і зьмяніць даты вылету.
Авіяцыйныя ўлады Ізраілю раней працягнулі закрыцьцё паветранай прасторы да 16 сакавіка для замежных авіяперавозьнікаў. У сувязі з гэтым «Белавія» вымушана была скасаваць два найбліжэйшыя рэйсы зь Менску ў Тэль-Авіў і назад: 12 і 15 сакавіка.
Пасажыры скасаваных рэйсаў могуць аформіць вяртаньне білетаў па месцы іх набыцьця або зьмяніць дату вылету.
Форум