Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьявілася махлярская схема з «заказнымі лістамі»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Новы спосаб падману ўключае ў сябе тэлефанаваньне нібыта з пошты.

Чалавеку тэлефануюць ад імя «Белпошты» і спрабуюць уведаць асабістыя зьвесткі і грошы, піша сайт ГАУС Менгарвыканкама. Пра тое, як працуе схема і як абараніць сябе, расказаў намесьнік начальніка Савецкага РУУС Менску — начальнік крымінальнай міліцыі Міхаіл Гаўрук.

Махлярская схема дастаткова простая і разьлічана на няўважлівасьць і жаданьне чалавека як мага хутчэй атрымаць ліст.

Як правіла, усё пачынаецца з тэлефоннага званка. Ашуканцы называюцца супрацоўнікамі «Белпошты» і паведамляюць, што на імя грамадзяніна паступіў заказны ліст. Аднак для атрыманьня адпраўленьня неабходна назваць код з СМС-паведамленьня.

Далей чалавеку тэлефануюць яшчэ раз — ужо нібы зь міліцыі. Яму паведамляюць, што ён толькі што меў зносіны з афэрыстамі і што ў яго кватэры можа прайсьці ператрус. Такая інфармацыя палохае чалавека, і ён пачынае выконваць усе ўказаньні тых, хто тэлефанаваў.

Далей зламыснікі пераконваюць ахвяру пераказаць грошы на так званы «бясьпечны рахунак». У выніку людзі нярэдка пазбаўляюцца ўсіх сваіх ашчаджэньняў.

Каб ня стаць ахвярай махляроў, варта правяраць інфармацыю аб паступленьні адпраўленьня ў найбліжэйшым паштовым аддзяленьні ці на афіцыйным сайце «Белпошты», а ня верыць словам, сказаным невядомымі праз тэлефон. Пагатоў перадаваць ім інфармацыю, якую не перадаюць нават супрацоўнікам банку, накшталт PIN-коду ці пароляў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG