Сьвятлана Ціханоўская падзякавала італійскім палітыкам за падтрымку беларускага народу і дэмакратычных сілаў і падкрэсьліла важнасьць узмацненьня эўрапейскай пэрспэктывы для беларусаў, — гаворыцца на сайце беларускай дэмакратычнай лідэркі.
З Джорджай Мэлёні Сьвятлана Ціханоўская размаўляла пра неабходнасьць падтрымкі рэпрэсаваных беларусаў, асабліва тых, хто выйшаў з турмаў. Ціханоўская апавяла пра Міжнародны гуманітарны фонд і беларускія праваабарончыя ініцыятывы, якія дапамагаюць рэпрэсаваным і іхным семʼям, і заклікала Італію далучыцца, паведаміў сёньня тэлеграм-канал дэмакратычнай лідэркі беларусаў.
«Гэта была шчырая і зьмястоўная размова. Прэмʼер-міністарка Мэлёні падтрымлівае беларускі народ і нашую працу дзеля дэмакратычных пераменаў. Мы шмат увагі прысьвяцілі ня толькі геапалітычным, але і гуманітарным пытаньням і наступным крокам у вызваленьні палітвязьняў», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
Таксама Ціханоўская ў Італіі сустрэлася зь міністрам замежных справаў Антоніё Таяні, старшынёй Палаты дэпутатаў Лярэнца Фантана, італьянскімі дэпутатамі з групы сяброў дэмакратычнай Беларусі.
Форум