Тэлеграм-канал ASTRA з спасылкай на OSINT-аналіз піша, што ў горадзе быў ізноў атакаваны завод мікраэлектронікі «Кремний Эл». Гэтае прадпрыемства вырабляе чыпы для ракетных комплексаў і бесьпілётнікаў, піша Расейская служба Свабоды.
Губэрнатар Бранскай вобласьці Аляксандар Багамаз паведаміў у сацыяльных сетках аб наступствах удару па абласным цэнтры.
«Па горадзе Бранску нанесены ракетны ўдар. На жаль, ёсьць загінулыя і параненыя», — напісаў Багамаз у сваім тэлеграм-канале.
Пры гэтым Багамаз не сказаў нічога пра тое, што ўдар пацэліў у стратэгічны завод, і абвінаваціў Узброеныя сілы Ўкраіны ў атацы на «мірных жыхароў». Пазьней ён паведаміў аб задымленьні прадуктамі гарэньня ў Савецкім раёне гораду і назваў лічбу 6 забітых і 37 параненых.
Блізкі да расейскіх сілавых структураў тэлеграм-канал Mash сьцьвярджаў, што ўдар быў нанесены ракетамі Storm Shadow: загінулі два чалавекі. Таксама ў сетках паведамляюць пра 12 пацярпелых. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтых зьвестак пакуль няма.
Перад атакай у Бранскай вобласьці аб’явілі ракетную небясьпеку.
Празь некалькі гадзін пасьля ўдару атаку прызнаў Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны і апублікаваў відэа. У Кіеве нагадалі, што расейскі завод вырабляе чыпы для ракетных комплексаў і бесьпілётнікаў.
Ад Бранску да Хоцімску на ўсходзе Беларусі меней за 150 км.
Форум