5 сакавіка Аляксандар Лукашэнка памілаваў 18 вязьняў, у тым ліку 15 асуджаных паводле так званых «экстрэмісцкіх» артыкулаў, гэта значыць палітвязьняў. Памілаваньне фармальна адбылося ня ў рамках беларуска-амэрыканскага перамоўнага працэсу, што важна зафіксаваць. Бо гэта азначае пэўнае адрозьненьне самога працэсу вызваленьня.
Па-першае, памілаваных няшмат — на волю выйшлі толькі 18 вязьняў, у тым ліку 15 «палітычных». Нагадаю, у сьнежні мінулага году ў выніку перамоваў у Менску з удзелам спэцыяльнага прадстаўніка ЗША Джона Коўла былі вызваленыя 123 палітзьняволеныя. Колькасьць непараўнальная.
Па-другое, калі вызваленых у рамках беларуска-амэрыканскага перамоўнага трэку абавязкова выганяюць зь Беларусі, вывозяць за мяжу, то людзей, якія выходзяць паводле працэдуры памілаваньня па-за межамі дамоўленасьцяў з ЗША, пакідаюць у краіне.
Памілаваньне 5 сакавіка мае сымбалічнае значэньне, яно было прымеркавана да Дня жанчын. Інфармацыя пра яго зьявілася адразу пасьля цырымоніі ўручэньня Лукашэнкам дзяржаўных узнагародаў жанчынам з нагоды сьвята. У паведамленьні ягонай прэсавай службы адмыслова падкрэсьліваецца, што сярод памілаваных — 11 жанчын, 6 зь іх маюць дзяцей, адна жанчына на апошніх днях цяжарнасьці, яшчэ адна вызваленая — дзяўчына, якую асудзілі за ўчыненае ў 16 гадоў. Памілаваныя таксама дзьве сямейныя пары. Такі нібыта гуманізм да жанчын з нагоды сьвята Дня жанчын і аб’яўленага ў Беларусі «Году беларускай жанчыны».
Былі яшчэ важныя нагоды для гэтага акту памілаваньня. Якраз напярэдадні зьявілася інфармацыя аб сьмерці палітзьняволенай Алены Панковай, якую паўгоду таму асудзілі за ўдзел у пратэстах на «хатнюю хімію». Пра гэта паведамілі ўсе незалежныя мэдыя, што стварыла для ўладаў нэгатыўны інфармацыйны фон перад новым раўндам перамоваў паміж Менскам і Вашынгтонам, які чакаецца неўзабаве. Таму ўзьнікла патрэба перабіць такі непрыемны для ўладаў Беларусі рэзананс нейкім пазытыўным актам.
Акрамя таго, атмасфэру беларуска-амэрыканскіх адносінаў сапсавалі яшчэ дзьве падзеі. Аляксандар Лукашэнка адмовіўся ляцець у Вашынгтон на паседжаньне Рады міру на запрашэньне Дональда Трампа. А міністру замежных справаў Масксіму Рыжанкову, які меў замяніць Лукашэнку на згаданым мерапрыемстве, амэрыканцы адмовілі ў візе.
Другая падзея, якая зьлёгку напружыла беларуска-амэрыканскія адносіны, — гэта атака Ізраілю і ЗША на Іран, якая вылілася ў ваенны канфлікт на Блізкім Усходзе. Афіцыйны Менск, няхай і вельмі асьцярожна, але выказаўся ў падтрымку Ірану.
І вось дзеля таго, каб стварыць спрыяльную атмасфэру для новых перамоваў з ЗША, і зьявіўся гэты акт памілаваньня.
І ў ЗША яго заўважылі.
Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША ў Беларусі Джон Коўл зрабіў запіс на плятформе Х:
«Дзякуй, прэзыдэнт Лукашэнка, за памілаваньне сёньня 18 палітвязьняў. Гэта яшчэ адзін важны крок у адносінах паміж ЗША і Беларусьсю, бо прэзыдэнт Трамп даручыў мне вызваліць усіх палітвязьняў».
У гэтым кароткім запісе важна адзначыць тры моманты. Коўл называе Лукашэнку «прэзыдэнтам», хоць і без дадатковых дыпляматычных рэвэрансаў, кшталту «містэр», «глыбокапаважаны» і інш. Затым адзначаецца, што за працэсам выхаду на волю беларускіх палітвязьняў назірае сам Дональд Трамп.
І, нарэшце, галоўная выснова: амэрыканскі прэзыдэнт «даручыў мне вызваліць усіх палітвязьняў». Вось гэты тэзіс пра неабходнасьць вызваленьня ўсіх палітвязьняў гучыць з вуснаў і Коўла і Трампа рэфрэнам, яго прагаворвалі ўжо ня раз. Гэта фармуе пэўную рамку перамоўнага працэсу паміж Менскам і Вашынгтонам, за межы якой і Лукашэнку ня так проста выйсьці. Што дае ўсім нам надзею.
Форум