Кіраўнікі некалькіх рэгіёнаў Украіны паведамілі аб загінулых і параненых
Расея атакавала больш за 100 населеных пунктаў Украіны
У Днепрапятроўскай вобласьці расейскія войскі наносілі ўдары па некалькіх раёнах, два чалавекі атрымалі раненьні. Найбольш пацярпеў Крывы Рог — там адбылося некалькі пажараў, пашкоджаная транспартная інфраструктура. У Сінельнікаўскім і Нікапальскім раёнах шмат разбурэньняў у прыватным сэктары, пацярпела пажарная частка.
У Херсонскай вобласьці ад абстрэлаў пацярпелі 35 населеных пунктаў, у тым ліку Херсон. Тры чалавекі загінулі і чатыры атрымалі раненьні. Расейскія войскі цэлілі ў крытычную і цывільную інфраструктуру, пашкоджаны адзін шматпавярховы дом і 11 прыватных будынкаў.
У памежнай з Расеяй Сумскай вобласьці тры чалавекі атрымалі раненьні. За апошнія 24 гадзін ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 33 населеныя пункты рэгіёну.
Запароскую вобласьць расейская армія атакавала з баявой авіяцыі, артылерыі і пры дапамозе дронаў. Паводле ўладаў, ад абстрэлаў пацярпелі 32 населеныя пункты. Інфармацыі аб пацярпелы і ахвяр пакуль няма.
У Адэсе расейскія войскі пацэлілі ў цывільны карабель
Улады Адэскай вобласьці паведамілі, што ўвечары 4 сакавіка расейскі войскі нанесьлі ўдар па цывільным караблі ў акваторыі Чорнага мора. Ёсьць пацярпелыя сярод чальцоў экіпажу.
Гэта адбылося ўвечары 4 сакавіка падчас выхаду карабля пад сьцягам Панамы з порту Чарнаморску. На ім перавозілі кукурузу. Экіпаж эвакуявалі.
Украінскія сілы спрабавалі зноў атакаваць Саратаўскі НПЗ
Губэрнатар Саратаўскай вобласьці Раман Бусаргін паведаміў аб трох пацярпелых у выніку атакі бесьпілётнікаў. Паводле яго, пашкоджаныя вокны ў некалькіх сацыяльных установах і жылых дамах.
Украінскі маніторынгавы канал Supernova+ паведаміў, што мэтай атакі быў нафтаперапрацоўчы завод у Саратаве. Паводле Telegram-каналу «Настоящий Саратов», дрон зьбілі за некалькі сотняў мэтраў ад НПЗ, аскепкі бесьпілётніка ўпалі па-за жылой забудовы.
Паводле Міністэрства абароны Расеі, над Саратаўскай вобласьцю зьбілі 33 дроны.
Форум