«У МАК заявілі, што нельга ўводзіць санкцыі супраць спартоўцаў з Ізраілю і ЗША, таму што «спорт павінен заставацца маяком надзеі ў сьвеце канфліктаў», — паведамілі ў Telegram-канале Міністэрства інфармацыі Беларусі.
У гэтым жа допісе разьмясьцілі дзьве цытаты са спасылкай на заявы МАК:
- ад 28 лютага 2022 году:
«МАК рэкамэндаваў не дапускаць да спаборніцтваў расейцаў і беларусаў праз канфлікт ва Ўкраіне»,
- а таксама ад 3 сакавіка:
«У сьвеце, які які скаланаюць канфлікты, рознагалосьсі і трагедыі, у якім гінуць людзі і многія перажываюць трагедыі, цяпер як ніколі раней, МАК цьвёрда перакананы, што спорт павінен заставацца маяком надзеі — сілай, які аб’ядноўвае ўвесь сьвет у мірнай канкурэнцыі».
У Міністэрстве інфармацыі Беларусі назвалі апошнюю заяву МАК «крывадушшам і падвойнымі стандартамі».
Што папярэднічала
Міжнародны алімпійскі камітэт 3 сакавіка выступіў з заявай аб бясьпецы спартоўцаў.
Нягледзячы на тое, што заяву апублікавалі на чацьвёрты дзень пасьля супольнай апэрацыі Ізраілю і ЗША супраць Ірану, у ёй увогуле не згадваюцца аніводныя краіны ці якія-небудзь абмежаваньні на ўдзел спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах ці Алімпіядах.
«У сьвеце, які скаланаюць канфлікты, расколы і трагедыі, дзе, як ніколі раней, страчваюцца жыцьці і адбываюцца трагедыі, Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) цьвёрда перакананы, што спорт павінен заставацца маяком надзеі — сілай, якая аб’ядноўвае ўвесь сьвет у мірных спаборніцтвах. Гэта знаходзіцца ў самым сэрцы алімпійскага руху і вынікае з фундамэнтальных прынцыпаў алімпізму. Прынцып нэўтралітэту алімпійскага руху нядаўна паўторна падкрэсьліла Выканаўчая рада МАК. Умацаваньне гэтага падыходу і забесьпячэньне яго актуальнасьці ў будучыні зьяўляецца цэнтральным элемэнтам дыскусій, якія праводзіць спэцыяльная рабочая група ў кантэксьце працэсу „Гатовы да будучыні“», — адзначаецца ў заяве.
Перад гэтым кіраўнік Фэдэрацыі футболу Ірану Мэхдзі Тадж ня выключыў, што нацыянальная зборная можа адмовіцца ад удзелу ў Чэмпіянаце сьвету, які сёлета з 11 чэрвеня да 19 ліпеня прымаюць ЗША разам з Канадай і Мэксыкай.
Форум