Як паведаміла выданьне Sport.tvp.pl, падчас выхаду расейскіх і беларускіх спартоўцаў у эфіры тэлеканалу зьявіцца застаўка з надпісам: «Салідарныя з Украінай. TVP Sport супраць удзелу расейскіх і беларускіх спартоўцаў у спаборніцтвах».
У выпадку, калі спартоўцы Польшчы выйграюць срэбны або бронзавы мэдаль, а расейцы ці беларусы перамогуць, у эфіры пакажуць момант узнагароджаньня, але перарвуць трансьляцыю да выкананьня гімнаў і падняцьця нацыянальных сьцягаў.
Такое рашэньне падтрымаў і Польскі паралімпійскі камітэт.
«Мы з зьдзіўленьнем успрынялі рашэньне Міжнароднага паралімпійскага камітэту, які дазволіў расейцам і беларусам прадстаўляць свае краіны на зімовых Паралімпійскіх гульнях у Міляне і Картыне д’Ампэцца. Мы расцэньваем гэты выбар як трывожнае праяўленьне размываньня адказнасьці Расеі і Беларусі за злачынствы, учыненыя на тэрыторыі Ўкраіны, і на гэта няма і ніколі ня будзе нашай згоды. [...] Спорт ня можа апраўдваць гвалт, забойствы і парушэньне правоў чалавека», — адзначаецца ў заяве паралімпійскага камітэту Польшчы.
Раней чатыры эўрапейскія краіны — Латвія, Літва, Эстонія і Фінляндыя — увогуле адмовіліся ад трансьляцыі цырымоніі адкрыцьця гульняў.
Згодна з інфармацыяй украінскага боку, ужо 14 краін заявілі аб намеры байкатаваць свой удзел у цырымоніі адкрыцьця. Сярод іх — Польшча, Латвія, Літва, Нямеччына, Румынія, Вялікая Брытанія, Аўстрыя і іншыя.
Пасьля ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе спартоўцам Расеі і Беларусі забаранілі ўдзел у Паралімпійскіх гульнях таго ж году, хоць праз два гады ім дазволілі спаборнічаць у якасьці нэўтральных спартоўцаў на летніх Паралімпійскіх гульнях у Парыжы.
У канцы лютага Міжнародны паралімпійскі камітэт (МПК) дазволіў шасьці расейскім і чатыром беларускім спартоўцам удзельнічаць у гульнях 2025 году ў Італіі пад дзяржаўнымі сьцягамі.
У Параліміпійскіх гульнях возьмуць удзел 665 спартоўцаў з розных краін сьвету. Яны разыграюць 79 камплектаў мэдалёў. Зімовыя Паралімпійскія гульні ў Міляне і Картыне д’Ампэцца адбудуцца 6–15 сакавіка.
Форум