Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына будзе байкатаваць шэсьце паралімпійцаў, бо на ім дазволілі дзяржаўныя расейскі і беларускі сьцягі

Арэна ў Вэроне, на якой пройдзе цырымонія адкрыцьця Паралімпіяды
Арэна ў Вэроне, на якой пройдзе цырымонія адкрыцьця Паралімпіяды

Чарговы дэмарш напаткаў зімовыя Паралімпійскія гульні яшчэ да старту. Прычынай стаў дазвол Міжнароднага паралімпійскага камітэту на выкарыстаньне дзяржаўнай сымболікі Расеі і Беларусі.

Нямецкая паралімпійская зборная ня будзе ўдзельнічаць у парадзе нацыяў на цырымоніі адкрыцьця зімовай Паралімпіяды, якая адбудзецца ў італьянскай Вэроне, піша dpa.

Дэмарш Нямеччына заявіла на знак пратэсту супраць допуску расейскіх і беларускіх спартоўцаў пад адпаведнымі дзяржаўнымі сьцягамі. Нямецкая асацыяцыя спорту інвалідаў (DBS) абвясьціла пра гэтае рашэньне за тры дні да пачатку зімовай Паралімпіяды.

Дзяржаўны міністар Нямеччыны ў справах спорту і валянтэрства Крыстыянэ Шэндэрляйн таксама пастанавіла ня ўдзельнічаць у цырымоніі адкрыцьця. Аднак яна ўсё яшчэ мае намер прысутнічаць на спаборніцтвах у час Гульняў, як і спартоўцы, паведаміла яна ў сваёй заяве.

Украіна абараняецца ад расейскага ўварваньня больш за чатыры гады, а Беларусь, якою кіруе аўтарытарны палітык Аляксандар Лукашэнка, выступае хаўрусьнікам Масквы.

У адрозьненьне ад зімовых Алімпійскіх гульняў, што адбыліся ў лютым, арганізацыйны камітэт Паралімпійскіх гульняў вырашыў зьняць забарону на ўдзел расейцаў і беларусаў пад іхнымі дзяржаўнымі сьцягамі, што выклікала абурэньне Ўкраіны і іншых эўрапейскіх краін.

«Гэтае рашэньне дазваляе нам засяродзіцца на будучых спаборніцтвах і з павагай выказаць салідарнасьць з украінскай дэлегацыяй», — гаворыцца ў заяве DBS.

Нямецкая каманда, як і плянавалася, прыме ўдзел у папярэднім запісе ў час цырымоніі адкрыцьця, працягваецца ў заяве. Украіна і Эстонія цалкам збайкатуюць цырымонію адкрыцьця.

Цырымонія пройдзе 6 сакавіка.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG