Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 3 сакавіка: у сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў уключылі старонку Ціханоўскай у Threads

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што старонку Сьвятланы Ціханоўскай у Threads дадалі ў сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

Як адзначаецца ў паведамленьні, Міністэрства інфармацыі таксама ўключыла ў гэты пералік старонкі ў сацыяльных сетках і нават электронную пошту колішняга палітвязьня Паўла Сьпірына.

Сярод іншых:

  • старонкі ў Facebook «People’s Embassy of Belarus in Slovenia», «Народное посольство Беларуси в Черногории», «Belarussische Diaspora in Ӧsterreich»;
  • старонка ЎКантакце «АНТИФА-БЕЛАРУСЬ»;
  • TikTok-старонкі «POLITICNEWS», «zianon_pazniak_cytaty_»;
  • Telegram-каналы, чаты і боты «INFO — Беларусы в Лодзи | Беларусы ў Лодзі», «INFO — Лодзь — Вольнае сэрца LODZ — Volnaje Serca | Беларусы i Украïнці», «Беларусы Лодзи — чат Польша / Belarusy Lodz POLAND», «Volnaje Serca бот для связи с администрацией», «Революция»;
  • відэа «Союз Тихановской и Зеленского угрожает Лукашенко»;
  • старонку ў Instagram «Naviny Future».

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG