Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага палітоляга Кацярыну Шульман завочна асудзілі на год зьняволеньня

Кацярына Шульман
Кацярына Шульман

Суд у Маскве завочна асудзіў палітоляга Кацярыну Шульман на год калёніі, піша выданьне «Медиазона». Ёй таксама прызначылі трохгадовую забарону на адміністраваньне сайтаў.

Шульман прызналі вінаватай па артыкуле аб невыкананьні абавязкаў «замежнага агента». Падставай для крымінальнай справы сталі дзьве публікацыі Шульман без пазначэньня статусу «замежнага агента» ў сэрвісе Teletype.

Кацярына Шульман зьехала з Расеі ў красавіку 2022 году. У тым жа годзе яе ўнесьлі ў рэестар «замежных агентаў». У Міністэрстве юстыцыі Расеі заявілі, што такое рашэньне прынята, таму што Шульман атрымлівала ганарары на радыёстанцыі «Эхо Масквы» і заробкі як выкладчыца Маскоўскай вышэйшай школы сацыяльных і эканамічных навук.

У лістападзе 2025 года «Росинфомониторинг» унёс Шульман у рэестар тэрарыстаў і экстрэмістаў па абвінавачаньні аб гвалтоўным захопе ўлады і арганізацыі тэрарыстычнай супольнасьці як члена Антываеннага камітэту Расеі. Гэтая арганізацыя была заснаваная групай расейскіх грамадзкіх дзеячаў і грамадзянскіх актывістаў 27 лютага 2022 году, пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

У маніфэсьце групы пазначана, што яе мэты — спыніць вайну і супрацьстаяць рэжыму Ўладзіміра Пуціна, які арганізацыя расцэньвае як дыктатарскі. Удзельнікі Антываеннага камітэту, у тым ліку і Шульман, цяпер жывуць за мяжой.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG