Кір Стармэр у прамове заявіў пра тое, што Іран пацэліў па брытанскай вайсковай базе ў Бахрэйне, пад пагрозай быў асабовы склад, і гэта пры тым, што Брытанія ня брала ўдзелу ў паветраных ударах па Іране.
Паводле Стармэра, Лёндан наўмысна вырашыў ня ўдзельнічаць у амэрыканскіх ударах па тэрыторыі Ірану. Тым ня менш, паводле яго слоў, Іран атакуе брытанскія інтарэсы і падвяргае рызыцы брытанцаў і іхных хаўрусьнікаў у рэгіёне. Партнэры Вялікай Брытаніі ў Пэрсыдзкай затоцы папрасілі яе «зрабіць больш для іх абароны».
Стармэр сказаў, што брытанскія самалёты ўдзельнічаюць у абарончых апэрацыях, але адзіны спосаб прадухіліць пагрозу — зьнішчыць ракеты, якія знаходзяцца на сховішчах або на стартавых пляцоўках. Брытанскія ўлады пагадзіліся на просьбу ЗША дазволіць выкарыстоўваць свае базы для гэтай «канкрэтнай і абмежаванай абарончай мэты».
«Мы не далучаемся да гэтых удараў, але мы будзем працягваць нашы абарончыя дзеяньні ў рэгіёне. І мы таксама прыцягнем экспэртаў з Украіны, а таксама нашых уласных экспэртаў, каб дапамагчы нашым партнэрам у Пэрсыдзкай затоцы зьбіваць іранскія бесьпілётнікі, якія атакуюць іх», — сказаў брытанскі прэм’ер-міністар.
Стармэр падкрэсьліў, што Лёндан пасьля навукі вайны ў Іраку ня мае плянаў далучацца да наступальных дзеяньняў у Іране.
«Але Іран прытрымліваецца стратэгіі „выпаленай зямлі“, таму мы падтрымліваем калектыўную самаабарону нашых хаўрусьнікаў і нашых людзей у рэгіёне. Бо гэта наш абавязак перад брытанскім народам», — дадаў ён.
Украінскі бок пакуль ніяк не камэнтаваў словы Стармэра пра залучэньне ўкраінскіх экспэртаў да працы на Блізкім Усходзе.
Форум