Улады Беларусі прызналі яшчэ адно «экстрэмісцкае фармаваньне»
Ім стаў тэлеграм-канал «Беседа Форватера». Адпаведнае рашэньне МУС Беларусі прыняло 24 лютага, піша «Вясна».
Паводле ведамства, дачыненьне да «Беседы Форватера» маюць 19-гадовыя Дзьмітры Зуеў і Ўладзіслаў Бутвянкоў. Ніякага палітычнага зьместу ў іхных сацыяльных сетках няма.
Праўны статус абодвух невядомы. Іхныя старонкі ў сетках не абнаўляюцца з канца 2025 году. Уладзіслаў цікавіўся гістарычнай рэканструкцыяй і падпісваўся на некаторых сайтах на беларускай мове.
Раней Бутвянкова ўносілі ў сьпіс датычных да «экстрэмісцкіх фармаванняў» Sandär і «Барысфен»
Мэнэджара IT-кампаніі асудзілі за пратэсты і «садзейнічаньне экстрэмізму»
Жыхара Менску Аляксандра Лабузава асудзілі ў Менскім гарадзкім судзе. Яго абвінавачвалі ва ўдзеле ў пратэстах (ч. 1 арт. 342) і «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэксу). Дакладны прысуд невядомы.
Аляксандру Лабузаву 35 гадоў. Ён зь Сьветлагорску. З красавіка 2023 году працаваў старшым мэнэджарам у працы з кліентамі ў Noventiq Belarus. Гэта буйны правайдэр IT-рашэньняў і сэрвісаў, які дапамагае кампаніям у лічбавай трансфармацыі бізнэсу і кібэрбясьпецы, піша «Наша Ніва».
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».