Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 19 лютага: тры гады калёніі супрацоўніцы ІТ-сэктару за дапамогу палітвязьням

Суд у Горадні, архіўнае фота
Суд у Горадні, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Сьпевака з «Маратону адзінства» асудзілі за камэнтары

Сьпявак Раман Юркоў атрымаў ад Лукашэнкі ліст падзякі за падтрымку яго кандыдатуры на апошніх выбарах. А ўжо праз месяц артыста затрымалі сілавікі — знайшлі камэнтары, якія артыст пісаў у 2020 годзе.

Рамана абвінавацілі па 130 артыкуле Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці) і судзілі ў Менскім гарадзкім судзе, піша «Наша Ніва».

Юркову прысудзілі «хатнюю хімію». У канцы 2025 года, калі прысуд набыў сілу, КДБ уключыў сьпевака ў «сьпіс тэрарыстаў».

Новы арышт пасьля прыезду з Польшчы

Пасьля вяртаньня з Польшчы арыштавалі сузаснавальніцу стартапа GlobalTips Алену Змушко, гэта здарылася восеньню 2024 года. Дома яе чакаюць муж і васьмігадовы сын, піша «Наша Ніва».

Апошнія гады яна жыла ў Варшаве, была сузаснавальніцай і вядучым бізнэс-аналітыкам стартапа GlobalTips. Вядома, што Алена пэрыядычна вярталася ў Беларусь. 13 лістапада 2024 жанчына ехала дадому разам з сынам, каб наведаць бацькоў, але яе затрымалі.

Алену асудзілі ў Горадзенскім абласным судзе. 24 лістапада 2025 года ёй вынесьлі прысуд паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) — тры гады калёніі. Па зьвестках праваабаронцаў, Алену абвінавацілі ў дапамозе палітвязьням. Цяпер палітзьняволеная знаходзіцца ў жаночай папраўчай калёніі № 4 ў Гомлі.

XS
SM
MD
LG