Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вырастуць тарыфы на ваду, забароняць гуляць у замежных казіно. Якія зьмены чакаюць беларусаў з 1 сакавіка

Ад 1 сакавіка 2026 году ў Беларусі вырастуць тарыфы на асобныя жыльлёва-камунальныя паслугі. Адпаведныя рашэньні прынятыя мясцовымі органамі ўлады і апублікаваныя на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале. Павышэньне раней плянавалі з 1 студзеня, аднак перанесьлі на сакавік праз моцныя маразы.

Камунальныя паслугі: даражэйшымі стануць вада і ліфты

У Менску кубамэтар вады, які да 1 сакавіка каштаваў 1,7858 рубля, пасьля павышэньня цаны стане каштаваць 2,0248 рубля. Адвод вады падаражэе з 0,9586 да 1,1295 рубля за кубамэтар.

Таксама па ўсёй Беларусі стане даражэйшым тэхнічнае абслугоўваньне ліфтаў. Тарыф, пры якім частку выдаткаў аплачвае дзяржава, павялічыцца з 0,0902 да 0,1034 рубля за квадратны мэтар. Для тых, хто аплачвае паслугі паводле поўнага тарыфу, цана вырасьце з 0,0975 да 0,1131 рубля.

У дзіцячых садках адкрыюць групы для дзяцей да 2 гадоў

З 1 сакавіка ў кожным раёне краіны зьявіцца прынамсі адна група ў дзіцячых садах для дзяцей да 2 гадоў.

Цяпер у рэгіёнах вывучаюць рэальны попыт, які залежыць ад таго, ці хочуць бацькі выйсьці на працу раней заканчэньня дэкрэтнага адпачынку. Калі спатрэбіцца, групы могуць адкрываць дадаткова. У сельскай мясцовасьці месцы для малых будуць даваць у рознаўзроставых групах. Паводле Мінистэрства адукацыі, такія групы працуюць ужо больш як у 300 установах, выхавальнікі праходзяць павышэньне кваліфікацыі.

Падаражэюць цыгарэты

Падымуць цэны ў наступным месяцы абсалютна ўсе кампаніі, якія гандлююць тытунёвымі вырабамі, — і вытворцы, і імпартэры. Падаражэе больш за сто найменьняў цыгарэт.

Найбольшая прыбаўка ў цане будзе ад Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман». Два гатункі падаражэюць на 50 капеек, яшчэ паўтара дзясятка найменьняў прыбавяць у цане па 40–45 капеек. На столькі ж падаражэюць больш як два дзясяткі марак цыгарэт ад «Інтэр Табакка».

Забароняць гульні ў замежных онлайн-казіно

Ад 11 сакавіка пачнуць дзейнічаць асноўныя нормы ўказу № 226 «Аб дзейнасьці ў сфэры гульнявога бізнэсу», якімі щводзіцца забарона на гульні ў замежных онлайн-казіно.

Гульцам заблякуюць выплаты на замежныя сайты. Беларускія банкі ня будуць пераводзіць на такія сайты грошы. Гуляць можна будзе толькі на пляцоўках, якія маюць ліцэнзію ў Беларусі.

Таксама ўводзіцца прынцып «адзін чалавек — адзін рахунак». Ад сакавіка стварыць некалькі ўліковых запісаў у адной установе ня ўдасца, бо іншыя акаўнты будуць блякавацца. Гуляць можна будзе толькі з сваіх рахункаў і паводле сваіх дакумэнтаў, а выкарыстоўваць чужую банкаўскую картку, электронны гаманец ці дакумэнты забароняць. Калі гэтае правіла парушыць, угоду могуць прызнаць несапраўднай, а грошы — забраць у даход дзяржавы.

Зьнізіцца памер дапамогі на пахаваньне

Памер дапамогі на пахаваньне зьнізіцца да 2757,1 рубля. Гэтая сума амаль на 12% меншая, чым у лютым, бо залежыць ад сярэдняга заробку за пазамінулы месяц.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG