Дакумэнтам прадугледжваецца «прызваць у сакавіку — траўні 2026 году на тэрміновую вайсковую службу, службу ў рэзэрве грамадзян Беларусі мужчынскага полу, якім да дня прызыву споўнілася 18 гадоў і якія ня маюць права на адтэрміноўку ад прызыву, а таксама грамадзян прызыўнога ўзросту, якія страцілі права на адтэрміноўку».
Адначасова звальняюцца ў запас вайскоўцы тэрміновай вайсковай службы, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны.
У рамках восеньскага прызыву ў верасьні — лістападзе 2025 года ў «шэрагі Ўзброеных сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраваньняў» было накіравана каля 10 тысяч вайскоўцаў.
У Беларусі штогод праходзяць два прызывы — восеньскі і вясновы, для кожнага падпісваюцца асобныя ўказы.
У пачатку 2023 года былі зьніжаныя патрабаваньні да стану здароўя грамадзян, якія прымяняюцца пры вызначэньні прыдатнасьці да праходжаньня вайсковай службы. У прыватнасьці, верхняя мяжа масы, пры якой грамадзян прызнаюць непрыдатнымі да службы ў сілах спэцыяльных апэрацый, узьнята з 90 да 100 кг. Пры гэтым мужчын, якія важаць больш за 100 кг, дазволена прымаць у органы памежнай службы, а таксама спэцыяльныя міліцэйскія падразьдзяленьні і вайсковыя часткі.
Раней не прыпісваліся да прызыўных участкаў і прызнаваліся непрыдатнымі да тэрміновай службы і службы ў рэзэрве ў мірны час грамадзяне з атлусьценьнем II ступені з індэксам масы цела 37 кг/м2 (больш за 117 кг пры сярэднім для беларускіх мужчын росьце 178 см), з блізарукасьцю любога вока на адным з мэрыдыянаў 6–8 дыёптрый. Цяпер такія грамадзяне прызнаюцца абмежавана прыдатнымі да тэрміновай службы і службы ў рэзэрве. Як і раней, яны застаюцца прыдатнымі з абмежаваньнямі да службы па кантракце ў спэцыяльных падразьдзяленьнях.
Форум