Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павялічацца пэнсіі й дзіцячыя выплаты, увядуць ліміт на безьліміт. Якія зьмены чакаюць беларусаў у лютым

Архіўнае фота
Архіўнае фота

У лютым 2026 году ў Беларусі вырастуць два паказьнікі, ад якіх залежаць шмат сацыяльных выплатаў: бюджэт пражытковага мінімуму і велічыня сярэдняга заробку.

Павялічыцца дапамога на дзяцей

У лютым на 1,2% падвысіцца бюджэт пражытковага мінімуму, ён складзе 496,96 рубля.

Адпаведна вырастуць разавыя выплаты пры нараджэньні — 4969,60 рубля на першае дзіця і 6957,44 на другое і наступныя. Дапамога для цяжарных за своечасовую пастаноўку на ўлік складзе 496,96 рубля.

Таксама на 7,4% вырасьце велічыня сярэдняга заробку, якую пераглядаюць раз на паўгоду. На столькі ж павялічацца штомесячныя выплаты на дзяцей да трох гадоў і складуць:

  • на першае дзіця — 1000,86 рубля,
  • на другое і наступных — 1143,84 рубля,
  • на дзіця-інваліда — 1286,82 рубля.

На 10% павялічацца пэнсіі, у тым ліку для пэнсіянэраў, якія працягваюць працаваць.

Давядзецца болей плаціць за камунальныя паслугі. У лютым прыйдуць рахункі, разьлічаныя ўжо паводле падвышаных тарыфах. Мяркуецца, што сямʼя з трох чалавек за двухпакаёўку ў 48 м² заплаціць у сярэднім на 20 рублёў больш.

Павялічацца зборы з самазанятых і рамесьнікаў. Рамесьнікам давядзецца плаціць 10 рублёў у месяц (+42,8%), уладальнікам аграсядзібаў — 45 рублёў (+7,1%).

На большасьць цыгарэт цэны ў лютым ня зьменяцца. Толькі дзьве маркі Vogue стануць даражэйшыя на 30 капеек.

Дапамога на пахаваньне ў лютым складзе 3112,7 рубля (+15,1%). Яна можа мяняцца нават 12 разоў на год, бо залежыць ад фактычнага сярэдняга заробку ў пазамінулым месяцы.

У канцы лютага абмяжуюць мабільны інтэрнэт. Ад 23 лютага для ўсіх безьлімітных тарыфаў увядуць ліміт месячнага трафіку на максымальнай хуткасьці 30 ГБ. Пасьля гэтага хуткасьць зьменшаць да 1 Мбіт/с. Як сьцьвярджае Міністэрства сувязі, зьмены закрануць менш за 15% абанэнтаў, а сярэдні паказьнік спажываньня трафіку складае каля 16 ГБ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG