У палітвязьня Алега Лойкі абвастрылася хвароба сэрца, празь міжпазванковую грыжу яму вельмі цяжка проста перасоўвацца. Пра пагаршэньне ягонага стану паведаміла «Вясна».
Алегу Лойку 49 гадоў, да затрыманьня ў красавіку 2025 году ён служыў пастарам. У 2025 годзе Гомельскі абласны суд асудзіў яго паводле артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і прызначыў яму тры з паловай гады калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Праваабаронцы мяркуюць, што справа Алега Лойкі зьвязаная з справай «Беларускага Гаюна», у якой толькі ў Гомельскай вобласьці ўжо асуджаныя дзясяткі чалавек.
На судзе Алег Лойка не прызнаваў, што зрабіў злачынства. Як паведамляла пра пастара выданьне «Хрысьціянская візія», ён «лічыць сваё сумленьне чыстым перад Богам». Пасьля гомельскага СІЗА Алега Лойку трымаюць у папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку.
Да арышту Алег Лойка служыў пастарам Царквы хрысьціян веры эвангельскай у вёсцы Нябытаў Хвойніцкага раёну. Таксама пра яго вядома, што як пастар ён шмат гадоў займаўся рэабілітацыяй людзей з наркатычнай залежнасьцю ў рамках місіі «Вяртаньне». Дзякуючы гэтай дзейнасьці сотні чалавек вярнуліся да нармальнага жыцьця, паведамляюць праваабаронцы «Вясны» пра Алега Лойку.
Паводле інфармацыйнай службы «Вясны», праваабаронцы шукаюць дадатковую інфармацыю пра тое, як цяпер пачуваецца пастар Алег Лойка і якое лячэньне яму аказваюць у калёніі.
Форум