Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Івашын напісаў пра Каляды ў няволі


Дзяніс Івашын, архіўнае фота
Дзяніс Івашын, архіўнае фота

На 8 студзеня ў Беларусі быў як мінімум 1125 палітвязень, прызнаны праваабарончай супольнасьцю, а паводле Dissidentby.com іх 1189. Рэальна зьняволеных з палітычных матываў у краіне можа быць больш.

Палітвязень журналіст Дзяніс Івашын даслаў зь вязьніцы ліст, у якім расказаў пра некаторыя дэталі таго, як сустрэў у няволі Каляды.

Сымбалічная ялінка дала палітвязьню новую надзею на наступнае каляднае сьвята ўжо на волі, вынікае з паведамленьня «Вясны».

«Каляды я сустрэў з прыгожаю (як мне падаецца) ялінкаю-хваінкаю. Гэтым разам яна атрымалася ў мяне занадта пухнастай, тоўсьценькаю. Зь вялікаю Бэтлэемскаю зоркаю. Пакункі з падарункамі пад ёю — яшчэ не намаляваў. Але і гэтак зразумела, на які падарунак мы найбольш чакаем. Яго не загорнеш у сьвяточную абгортку з прыгожымі бантамі.

Дужа спадзяюся, што наступная ялінка будзе насамрэч жывою і ставіць яе мы ўжо будзем разам. Давядзецца, праўда, упрыгожаньні яшчэ набываць, але ж гэта прыемны працэс. Але калядная ялінка мае быць выключна — жывою», — напісаў Дзяніс Івашын у апошнім лісьце з вязьніцы.

  • Журналіста Дзяніса Івашына трымаюць ва ўмовах строгага рэжыму ў турме № 8 у Жодзіне.
  • Івашын асуджаны на 13 гадоў і 1 месяц зьняволеньня за нібыта «здраду дзяржаве» ( арт. 356 Крымінальнага кодэксу) і «незаконны збор і распаўсюд зьвестак аб прыватным жыцьці» ( арт. 179 КК).
  • Да пераводу на турэмны рэжым у жодзінскай вязьніцы Дзяніс Івашын адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15, дзе, як вядома праваабаронцам, на яго моцна ціснула адміністрацыя.
  • Паводле тэлеграм-каналу @dzianisivashyn, палітвязьню ўжо 13 месяцаў не дазваляюць тэлефонных званкоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG