Да 2018 году, адзначае ініцыятыва на сваім тэлеграм-канале, пакуль яна не пачала займацца дыскрымінацыяй беларускай мовы на транспарце, 95% квіткоў былі вырабленыя на расейскай мове. У 2019–2021 гг. адбыўся прарыў, і абсалютная большасьць аўтапаркаў пачалі рабіць свае квіткі па-беларуску. А што ў 2026 годзе?
Прыкладна ў 90% аўтапаркаў аднаразовыя і шматразовыя квіткі, вырабленыя друкарскім спосабам, надрукаваныя на беларускай мове.
У 7% аўтапаркаў аднаразовыя квіткі вырабляюцца на беларускай мове, шматразовыя — на расейскай. Гэтыя аўтапаркі абяцаюць новыя тыражы праязных ўжо рабіць па-беларуску. Практыка паказвае, што тут яны сваё слова стрымліваюць.
Яшчэ 3% аўтапаркаў прынцыпова да гэтага часу выкарыстоўваюць расейскую мову. Самая праблемная — Горадзенская вобласьць.
«Тут нават два аўтапаркі — Ваўкавыскі і Слонімскі, перайшоўшы ў 2021 годзе на беларускую, у 2024 годзе зноў пачалі вырабляць свае квіткі на расейскай мове. Прынцыпова трымаецца расейскай мовы і Лідзкі аўтапарк».
Пры гэтым найлепшае становішча зь беларускамоўнымі квіткамі — у Гомельскай вобласьці — там транспартных квіткоў з расейскай мовай, вырабленых друкарскім спосабам, зусім не засталося, акрамя трамвайных квіткоў трамвайнай лініі, якую абслугоўвае Мазырскі НПЗ.
Пры гэтым, аднак, ёсьць і месцы, дзе расейская мова пануе.
«Вялікай праблемай застаецца абслугоўваньне прыгарадных і міжгарадзкіх маршрутаў, дзе квіткі выдаюцца праз касавыя апараты — тут большасьць квіткоў расейскамоўныя, бо беларуская мова праграмным забесьпячэньнем не прадугледжаная. Да таго ж гэтыя праграмы маюць небеларускае паходжаньне, як, напрыклад, спэцыялізаваная кампутарная сыстэма „Саммит Системс“».
Аўтапаркі дэманструюць жаданьне мець магчымасьць выдаваць касавыя квіткі на беларускай мове і ўскладаюць надзею на зьяўленьне новай адзінай дзяржаўнай сыстэмы продажу білетаў, дзе будзе прадугледжаны выбар мовы, або яна будзе адразу цалкам беларускамоўнай, дадае ініцыятыва «Права на мову».
Форум