Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка вызваліў Статкевіча і Левую? Тлумачаць амэрыканіст і былы дыплямат

Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

На пытаньне пра прычыны вызваленьня Міколы Статкевіча і Натальлі Левай адказваюць былы дыплямат, старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў Павал Мацукевіч і амэрыканіст, дарадца Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі.

— Чаму Лукашэнка вызваліў Мікалая Статкевіча і Натальлю Левую? І чаму менавіта зараз?

Павал Мацукевіч
Павал Мацукевіч

Мацукевіч: Ну таму што чалавек шырокай душы, гэта ж бачна няўзброеным вокам. Але калі без жартаў, дык сытуацыя са Статкевічам складвалася для Лукашэнкі ня вельмі выгадна. Ён, з аднаго боку, пайшоў насустрач амэрыканцам і вызваліў Мікалая. Зь іншага боку, Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь і зноў апынуўся ў турме. Калі паміж Беларусьсю і ЗША існавала на гэты конт нейкая джэнтльмэнская дамова, то яна аказалася парушанай. Рэзкае пагаршэньне здароўя Статкевіча дала магчымасьць Лукашэнку выйсьці з гэтай сытуацыі «прыгожа». Атрымалася, што ніхто нікому не саступіў. Статкевіч праявіў характар і не пакінуў Беларусь на тых умовах, якія прапанаваў Лукашэнка. Зь іншага боку, Лукашэнка яго ўсё ж такі вызваліў не на сваіх першапачатковых умовах, з выправаджэньнем, але з прычыны пагаршэньня здароўя Статкевіча.

— Атрымліваецца, што Лукашэнка закрыў адпаведны этап зьдзелкі?

Мацукевіч: Так, можна і так сказаць. Інцыдэнт вычарпаны.

Антон Пянькоўскі
Антон Пянькоўскі

Пянькоўскі: Для рэжыму, які ўтрымліваў Міколу Статкевіча, стала відавочнай пагроза яго жыцьцю праз стан яго здароўя. Цяпер, калі Лукашэнка моцна разьлічвае на амэрыканскі трэк, яму дакладна не патрэбная гісторыя, аналягічная гісторыі з Навальным.

— Антон, паводле апошняй інфармацыі, расейская ўлада ня проста дапусьціла сьмерць Аляксея Навальнага ў зьняволеньні, яна яго атруціла. Пуцін не баяўся, што Навальны памрэ, ён зрабіў так, каб ён памёр.

Пянкоўскі: Калі б Статкевіч памёр у турме, то ўвесь сьвет абвінавачваў бы Лукашэнку ў сьмерці палітыка. Ці зрабіў бы гэта Лукашэнка сьвядома, ці так атрымалася б, гэта б ужо нікога не цікавіла – ні беларускія дэмакратычныя сілы, ні амэрыканцаў. Лукашэнка такога не хацеў. Рэжым ня хоча сьмерцяў за кратамі прынамсі вядомых асобаў.

— Ці не зьвязаныя вызваленьні Статкевіча і Левай менавіта зараз з тым, што Лукашэнка не паехаў на саміт Рады міру? Інсульт у Статкевіча быў у студзені. Хацелася закрыць зьдзелку, маглі тады ж і вызваліць.

Мацукевіч: Я ня думаю, што гэта зьвязаныя сюжэты. Я ня думаю, што ЗША настолькі пагружаныя ў лёс кожнага палітвязьня, каб надта станоўча ўспрымаць вызваленьне аднаго зь іх.

Пянькоўскі: Я лічу, што ўся гэтая гісторыя з Радай міру – яна крышачку ўбаку ад дыялёгу паміж Менскам і Вашынгтонам. Па адмове ў візе Рыжанкову можна меркаваць, што ў ЗША ня надта і зацікаўленыя былі ў прысутнасьці беларускай дэлегацыі на саміце Рады міру. Вызваленьні Статкевіча і Левай наўпрост не зьвязаныя з самітам.

— Калі Лукашэнка хацеў настаяць на выкананьні зьдзелкі ў дачыненьні да Статкевіча на сваіх умовах, чаму не паступіў так, як паступіла Расея летась падчас абмену сваіх палітвязьняў на сваіх шпіёнаў у заходніх турмах? Тады расейскіх палітвязьняў самалётам вывезьлі ў Турэччыну і там аддалі амэрыканскаму боку. Самалёты ў Турэччыну і зь Беларусі лятаюць.

Мацукевіч: У леташнім абмене Расеі з Захадам абодва бакі цікавілі канкрэтныя пэрсаналіі, пайменныя сьпісы на вызваленьне. У беларускім выпадку, я думаю, сьпісы на вызваленьне — у большай ступені прэрагатыва беларускага боку. У амэрыканцаў, зразумела, ёсьць сьпісы людзей, вызваленьня якіх яны хацелі б. Але апошняе слова — за беларускім бокам, ён вызначае, каго і калі вызваляць. Я ня думаю, што амэрыканскі бок настойваў на вызваленьні пэрсанальна Статкевіча. Варта заўважыць, што Статкевіч сваёй адмовай быць выдвараным у некаторым сэнсе паставіў у няёмкае становішча амэрыканцаў. Ён узьняў праблему, што людзей, атрымліваецца, не зусім вызваляюць, іх выпіхваюць з краіны, ім не даецца права выбару. І амэрыканскі бок апынуўся пад агнём крытыкі.

— А вызваленьне Левай? Прычына — унікальны гуманітарны кантэкст? Жанчына цяжарная, у хуткім часе народзіць.

Мацукевіч: Так, я думаю, што яе вызвалілі праз унікальныя абставіны. Да таго ж яна падпісала прашэньне аб памілаваньні.

Пянькоўскі: Прынамсі частка каманды Лукашэнкі хоча рабіць гучныя, заўважальныя крокі, якія б паказвалі, што гэты рэжым здольны ўсё ж дэманстраваць гуманнасьць. Ну і паказаць, што ён так ці інакш выконвае папярэднія дамоўленасьці і хоча працягваць дыялёг.

— Лукашэнка на саміт Рады міру не паехаў. Міністру замежных спраў Максіму Рыжанкову, якога зьбіраліся накіраваць на саміт у якасьці прадстаўніка Беларусі, ЗША адмовілі ў візе. Ці азначае гэта, што на беларуска-амэрыканскім дыялёгу пастаўлены крыж? Масква забараніла?

Мацукевіч: Не, я ўпэўнены, што дыялёг працягнецца. Для беларускага боку важны сам факт запрашэньня Лукашэнкі, а не ягоная прысутнасьць на саміце. Прычынай адмовы паехаць магло быць і рашэньне самога Лукашэнкі, яго ўласны рызыка-мэнэджмэнт, ацэнка шанцаў бясьпечна ў Вашынгтон прыляцець і бясьпечна вярнуцца.

— А што азначае сюжэт з адмовай у візе Рыжанкову? Пстрыкнулі па носе, паказалі, што альбо першая асоба альбо ніхто?

Мацукевіч: Магчыма, была такая лёгіка, магчыма, быў тэхнічны збой, адсутнасьць камунікацыі паміж рознымі паверхамі амэрыканскай улады. Але калі гэта і сапраўды пстрычка па носе, то пстрычка па носе асабіста Рыжанкову. Рыжанкоў фактычна не прымаў удзел у перамоўным працэсе з амэрыканцамі. У іх задзейнічанае МЗС, але ў асобе сталага прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова, задзейнічаны таксама КДБ. Рыжанкоў не прысутнічаў ні на адной сустрэчы з амэрыканскімі прадстаўнікамі.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода.

    Кандыдат фізыка-матэматычных навук. Аўтар кніг «Акцэнты Свабоды» (2009), «Сем худых гадоў» (2014), «Неверагодны 2020-ы» (2021).

    На Свабодзе — ад 1991 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG