Прэс-служба МЗС Беларусі адказала на пытаньне БелТА наконт няўдзелу дэлегацыі краіны ў паседжаньні Рады міру ў ЗША.
«Беларускі бок апэратыўна праінфармаваў арганізатараў мерапрыемства аб тым, што нашу краіну прадставіць міністар замежных спраў Максім Рыжанкоў. Усе неабходныя апавяшчэньні былі накіраваныя амэрыканскім пратакольным службам ва ўсталяваным парадку, дакумэнты для афармленьня візаў былі пададзены загадзя.
Аднак, нягледзячы на выкананьне ўсіх неабходных працэдураў з нашага боку, візы нашай дэлегацыі выдадзеныя не былі».
У гэтай сытуацыі, на думку МЗС Беларусі, паўстае заканамернае пытаньне: «пра які мір і пра якую пасьлядоўнасьць можа ісьці гаворка, калі нават базавыя фармальнасьці для нашага ўдзелу не былі выкананыя арганізатарамі?»
«Дадатковыя камэнтары залішнія», — адзначылі ў МЗС.
У Менску нагадалі, што першапачатковае запрашэньне Аляксандру Лукашэнку накіраваў асабіста Дональд Трамп. Затым, праўда, стала вядома, што Лукашэнка ў Амэрыку не зьбіраецца, бо мае нейкую важную сустрэчу. Ужо 19 лютага высьветлілася, што ён будзе сустракацца з кіраўніком сэнату Зымбабвэ.
Форум