Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ня будзе байкатаваць зімовую Паралімпіяду, нягледзячы на допуск дзяржаўных сьцягоў Расеі і Беларусі

Украінская дэлегацыя з заклікамі спыніць вайну на Паралімпіядзе-2022 у Пэкіне
Украінская дэлегацыя з заклікамі спыніць вайну на Паралімпіядзе-2022 у Пэкіне

У Кіеве жорстка засудзілі рашэньне Міжнароднага алімпійскага камітэту дазволіць на Паралімпійскіх гульнях выкарыстаньне дзяржаўных сьцягоў Беларусі і Расеі, але не зьбіраюцца байкатаваць спаборніцтвы.

Кіраўнік Нацыянальнага паралімпійскага камітэту Ўкраіны Валер Сушкевіч пракамэнтаваў дазвол спартоўцам з Расеі спаборнічаць на Паралімпійскіх гульнях пад дзяржаўным сьцягам.

«Я вельмі, вельмі злы і абураны дазволам спаборнічаць пад сваім сьцягам шасьці расейскім спартоўцам. Гэта жахліва, гэта эскаляцыя ляяльнасьці да прадстаўнікоў краіны-забойцы! Гэта несумленная гульня», — цытуе Сушкевіча sport-express.ua.

Пры гэтым спартовы чыноўнік падкрэсьліў, што Ўкраіна не разглядае магчымасьці байкоту Паралімпійскіх гульняў, каб ня даць агрэсару козыру на спартовай арэне.

«Калі мы не паедзем, гэта будзе азначаць дазвол Пуціну перамагчы ўкраінскіх паралімпійцаў, Украіну, выключыўшы нас з Гульняў. Гэтага ня будзе!»

Беларусам таксама дазволілі выступіць пад сваім сьцягам на Паралімпійскіх гульнях 2026 году. Кіраўнік Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны Мацьвей Бідны ўжо пракамэнтаваў гэтую сытуацыю.

«Сьцягі Расеі і Беларусі ня могуць быць на міжнародных спартовых спаборніцтвах. Гэта сьцягі рэжымаў, якія ператварылі спорт у інструмэнт вайны, хлусьні і пагарды. У Расеі паралімпійскія віды спорту зрабілі падтрымкай для тых, каго Пуцін паслаў ва Ўкраіну забіваць, а яны вярнуліся з Украіны інвалідамі», — напісаў Бідны.

Бідны назваў гэтае рашэньне МАК «вялікай памылкай».

Раней паралімпійскія камітэты Польшчы і Літвы заявілі, што байкатуюць Паралімпіяду ў Італіі праз рашэньне МАК дапусьціць афіцыйныя сьцягі Расеі і Беларусі да выкарыстаньня на спаборніцтвах. Абедзьве арганізацыі яшчэ раз заявілі пра сваю падтрымку Ўкраіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG