У Беларусі
19 лютага ў Менску, у Нацыянальным мастацкім музэі (вуліца Леніна, 20), а 18.00 лекцыяй дасьледніка гісторыі беларускага мастацтва Андрэя Моніча адкрыецца арт-лекторый, арганізаваны з удзелам часопісу «Роднае слова».
Таксама 19 лютага ў Нацыянальнай акадэміі навук пройдзе лінгвістычная віктарына «МоваВеды» (адрас вул. Сурганава, д. 1/2, аўд. 302. Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры).
20 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук (вул. Сурганава, д. 15, інфармацыйна-выстаўны цэнтар, аўд. 110) пройдзе нацыянальная дыктоўка, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы і Году беларускай жанчыны. Дыктоўку будзе трансьляваць канал «Культура» Беларускага радыё з 13.00 па 14.15.
Таксама 20 лютага на YouTube-канале Дому прэсы адбудзецца круглы стол «Жывое багацьце Беларусі: мова заўтрашняга дня праз адукацыю, культуру і тэхналёгіі». Пачатак дыскусіі аб 11.00.
20 лютага на журфаку БДУ пройдуць тэматычныя заняткі «Гучы, гучы, родная мова», у той жа дзень студэнты журфаку маюць удзельнічаць у нацыянальнай дыктоўцы.
За мяжою
У Польшчы ў некалькіх гарадах будуць пісаць беларускія дыктоўкі. У Варшаве тэкст дыктоўкі прачытае вядомы палітык Зянон Пазьняк. Дыктоўка адбудзецца а 16.00 у краме «Vyraj» пад адрасам al. Armii Ludowej, 12.
У Беластоку тэкстам для беларускай дыктоўкі абралі эсэ Ўладзімера Арлова «Незалежнасьць — гэта…», якую прачытае аўтар знакамітага твору. Дыктоўка пачнецца а 16.30 пад адрасам беларускага хабу «Новая Зямля», ul. Św. Rocha, 5, lok. 32. Пераможцаў дыктоўкі чакаюць прызы, папярэджваюць арганізатары.
Ва Ўроцлаве дыктоўку ладзіць «Мова нанова»: тэкст прачытае паэт, перакладнік і літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч. Далей сьвяткаваньне адбудзецца ў дэгустацыйным фармаце: удзельнікаў чакае традыцыйны пітны мёд — імпрэза пройдзе з Уладзімерам Шымбарэвічам, знаўцам і практыкам, які стварыў больш за 50 гатункаў такога мёду. Арганізатары просяць узяць з сабой кілішкі.
У Лодзі беларускую дыктоўку ладзіць Таварыства беларускай мовы. Арганізатары паведамляюць, што пісьмовыя прылады браць неканечне: усё патрэбнае дадуць. Пачнецца а 18.00 пад адрасам МAL, Wólczańska 168.
У Кракаве на Дзень матчынай мовы ТБМ правядзе віктарыну, якая пачнецца ў Прасторы, ul. Mikołajska 4/6, а 20.00.
У Гданьску дыктоўка пройдзе разам з паэтам і бардам, былым палітвязьнем Максімам Знакам. Сустрэча пачнецца а 19.00 у Эўрапейскім цэнтры салідарнасьці пад адрасам pl. Solidarności, 1.
Таксама 24 лютага ў Беластоку на сцэне Беластоцкага тэатру лялек да Дня матчынай мовы прымеркаваны фінал V Дэкляматарскага конкурсу. Пачнецца падзея а 17-й гадзіне.
У Вільні ў Дзень матчынай мовы імпрэза адбудзецца ў Доме нацыянальных супольнасьцяў (Raugyklos g. 25), паведамляе «Рацыя».
«Робім канцэрт-імпрэзу, дзе выступяць былы палітвязень Павал Севярынец, паэты Сяржук Сыс і Ванда Марціньш, праваабаронца Ігар Случак, музыка Юры Несьцярэнка, капэля „Ойра“. Таксама заплянаваны мой выступ. Знаходзячыся ў вольнай Літве, мы больш разумеем, што наша мова — гэта ўсё», — расказаў арганізатар імпрэзы, былы палітвязень Ільля Міронаў.
Канцэрт адбудзецца пры падтрымцы беларускага клюбу «Сябрына», пачатак вечарыны а 17-й.
У Беларускім доме ў Вільні (вуліца Віленская, 20) а 18.30 адбудзецца адкрыцьцё фэстывалю жаночай беларускай літаратуры.
«Потым адбудзецца speed friending — будзем шукаць новых сяброў паводле галоўнага крытэру — літаратурных густаў. І будзем чытаць вершы: можна свае, можна чужыя, галоўнае — каб жаночыя. Своесаблівая паэтычная аптэка», — расказала Свабодзе кіраўніца Цэнтру беларускай супольнасьці і культуры Людвіка Кардзіс.
За магчымасьць правесьці гэты фэстываль арганізатары ўдзячныя Канадзкаму фонду мясцовых ініцыятываў.
Як паўстаў Дзень матчынай мовы?
Дзень матчынай мовы адзначаецца ў сьвеце з 2000 году. Сьвята было абвешчана як міжнароднае на сэсіі UNESCO на прапанову Банглядэш. Дата 21 лютага абраная таму, што ў гэты дзень у 1952 годзе ад куляў паліцыянтаў загінулі пяцёра студэнтаў, якія змагаліся за наданьне бэнгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачаснай усходняй частцы Пакістану, якая пазьней стала незалежнай дзяржавай Банглядэш.
З 2008 году Таварыства беларускай мовы праводзіць у гэты дзень агульнабеларускія дыктоўкі, таксама праводзяцца прэзэнтацыі новых кніг па-беларуску, дыскатэкі й канцэрты.
Найбуйнейшая імпрэза на Дзень роднай мовы адбылася ў 2020 годзе ў менскай культурніцкай прасторы ОК16. Тады на шасьці пляцоўках праходзілі майстар-клясы, лекцыі, квэсты й канцэрты. На сьвяце выступіў вядомы беларускі музыка Лявон Вольскі.
Форум