Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін не зьяўляўся на публіцы больш за 10 дзён. Яго выдалі пажоўклая кветка і манікюр віцэ-прэм’еркі

Уладзімір Пуцін, ззаду кветка з пажоўклым лістом, 6 лютага 2026 г.
Уладзімір Пуцін, ззаду кветка з пажоўклым лістом, 6 лютага 2026 г.

5 лютага 2026 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў на цырымоніі адкрыцьця Году адзінства народаў Расеі. Гэта яго апошняя асабістая прысутнасьць на публіцы на момант публікацыі.

Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, дзьве працоўныя нарады прайшлі на наступны дзень, а потым Крэмль пачаў публікаваць так званыя «кансэрвы» — запісы ранейшых сустрэчаў з чыноўнікамі, палітыкамі і бізнэсоўцамі, якія выдаюць за сьвежыя навіны.

Паводле расьсьледаваньня праекту «Сыстэма», ёсьць сама меней два доказы, якія гэта пацьвярджаюць.

Журналісты зьвярнулі ўвагу на папулярную кветку, якая стаіць па кутах кабінэту Ўладзіміра Пуціна — агляонэму. Сёлета адзін зь яе лісткоў пачаў жаўцець. Гэты пажоўклы лісток і некалькі іншых, якія толькі пачалі адрастаць, заўважылі на двух відэазапісах ад 28 студзеня і 6 лютага.

Стан гэтай кветкі журналісты прааналізавалі на ўсіх іншых відэазапісах, якія пачалі публікаваць з 9 лютага — там кветка абсалютна зялёная. «Расьліны так ня ўмеюць рабіць — гэта Крэмль публікуе „кансэрвы“», — адзначаецца ў публікацыі.

Выключэньнем стала сустрэча зь віцэ-прэм’еркай Тацьцянай Голікавай: на кадрах зь ёю таксама можна пабачыць пажаўцелы ліст.

10 лютага апублікавалі адпаведны запіс. На ім у Голікавай манікюр пыльна-ружовага колеру, хоць за дзень да гэтай сустрэчы і на наступны пасьля яе пазногці былі пафарбаваныя ярчэйшым ружовым адценьнем «Барбі». А пыльна-ружовы колер яна мела ў першых днях лютага 2026 году — тады, імаверна, і запісалі гэтую «кансэрву».

Журналісты мяркуюць, што адсутнасьць Пуціна зьвязаная зь сямейным сьвятам — у сярэдзіне лютага дзень нараджэньня адзначаў яго старэйшы сын Іван.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG