18-гадовая мігрантка з Цэнтральнай Азіі Дыльбар (імя зьмененае з меркаваньняў бясьпекі) ужо некалькі месяцаў знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў расейскім Омску. Яе абвінавачваюць у незаконным абароце наркотыкаў, што яна адмаўляе. Паводле дзяўчыны, супрацоўнікі ізалятару зьбівалі яе, ужывалі электрашокер і пагражалі.
Такія гісторыі апісала Кіргізская служба Радыё Свабода.
Чакаючы суду, Дыльбар прапанавалі выбар: да 15 гадоў пазбаўленьня волі або гадавы кантракт з расейскім войскам для ўдзелу ў вайне супраць Украіны ў абмен на вызваленьне. Паводле словаў яе сястры, ёй абяцалі каля 2 мільёнаў расейскіх рублёў і датэрміновую свабоду пасьля заканчэньня службы.
Расейскія ўлады спрабавалі завербаваць Гульбарчын (імя зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі), жанчыну з Кіргізстана, якая адбывае 12-гадовы тэрмін у турме ў горадзе Уладзімір пад Масквой. Гульбарчын заявіла, што адміністрацыя турмы склала сіпіс патэнцыйных рэкрутаў для вайны.
«У сьпіс былі дададзеныя ўсе асобы з працяглымі тэрмінамі пазбаўленьня волі», — напісала Гульбарчын у лісьце сваякам, дадаўшы, што адмовілася падпісваць кантракт.
«Эзгулік», праваабарончая група з Узбэкістану, заявіла, што атрымала лісты ад сваякоў дзясяткаў узбэцкіх жанчын, зьняволеных у Расеі, якія абвінавачваюць турэмныя ўлады ў спробах вярбоўкі на вайну супраць Украіны.
Сярод іх — Уміда, жанчына, чыя сястра знаходзіцца ў турме ў Расеі. Яна паведаміла, што атрымала ад яе лісты з апісаньнем таго, на што гатовая ісці адміністрацыя, каб прымусіць жанчын падпісаць кантракт.
«Іх пазбаўляюць ежы на працягу 10 дзён, каб зламаць волю вязьняў і прымусіць іх пайсьці на вайну, — сказала Уміда Радыё Свабода, назваўшы толькі сваё імя. — Некаторыя дзяўчаты спрабавалі скончыць жыцьцё самагубствам, каб пазьбегнуць адпраўкі на вайну».
Праваабаронцы адзначаюць, што Расея з пачатку поўнамаштабнай вайны актыўна вярбуе зьняволеных для папаўненьня войска на фоне значных страт. Сярод іх — ня толькі мужчыны, але і жанчыны, у тым ліку замежныя грамадзянкі з краінаў Цэнтральнай Азіі. Частку наймаюць на дапаможныя пасады — кухарак, мэдсясьцёр, супрацоўніц рамонтных брыгад, аднак некаторыя могуць трапляць і ў зону баявых дзеяньняў.
Расейскія ўлады заяўляюць, што служба зьяўляецца добраахвотнай, і не раскрываюць, колькі замежных грамадзянак было адпраўлена на фронт. Урады краінаў Цэнтральнай Азіі папярэджваюць сваіх грамадзян пра крымінальную адказнасьць за ўдзел у замежных узброеных канфліктах, аднак выпадкі вярбоўкі працягваюць фіксавацца.
Форум