Прэзыдэнт Нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавозьнікаў Літвы Linava заявіў, што ўлады Беларусі шукаюць спосабаў афіцыйна легалізаваць факт затрыманьня грузавікоў і паўпрычэпаў.
Паводле слоў Эрландаса Мікенаса, уладальнікі затрыманых літоўскіх транспартных сродкаў атрымалі лісты ад беларускага прадпрыемства «Белмытсэрвіс», якое кіруе паркоўкамі, у якіх гаворыцца, што перавозьнікі павінны падпісаць дамовы на паслугі паркоўкі.
«Перавозьнікі атрымліваюць ад „Белмытсэрвісу“ дамовы „задняй датай“ з 10 па 14 лістапада за тое, што мы „просім“ іх захоўваць транспарт. Бо іх загналі, скажам так, сілком і ніякіх дамоваў тады не падпісвалі, і ўсё заняло шмат часу, цяпер яны ўжо шукаюць спосабы гэта афіцыйна легалізаваць», — заявіў Мікенас агенцыі BNS.
Паводле слоў кіраўніка Linava, раней перавозьнікі атрымлівалі ад кампаніі толькі рахункі-фактуры за паркоўку. Цяпер жа ў дамовах, якія яны атрымліваюць, ёсьць і плата за паркоўку — у некаторых выпадках яна ўдвая перавышае кошт транспартнага сродку, сказаў прэзыдэнт Linava.
Прэзыдэнт асацыяцыі, якая аб’ядноўвае 700 невялікіх кампаній, кажа, што некаторыя транспартныя кампаніі больш ня могуць плаціць падаткі ў Літве.
«Некаторыя пацярпелыя кампаніі практычна больш ня могуць плаціць падаткі ў Дзяржаўную падатковую інспэкцыю і Sodra, і мы атрымалі інфармацыю, што праз гэта ўстановы арыштоўваюць рахункі кампаній», — сказаў ён.
У некаторых літоўскіх кампаній у Беларусі знаходзіцца да 90% наяўнага транспартнага парку.
Раней стала вядома, што арганізацыя мае намер зьвярнуцца ў Эўрапейскую камісію па дапамогу ў аднаўленьні захраслых машын і запатрабаваць ад Менску кампэнсацыі стратаў.
Паводле апошніх зьвестак Linava, атрыманых ад кампаній, якія падалі асацыяцыі інфармацыю аб затрыманых транспартных сродках, у Беларусі затрыманы 1071 транспартны сродак, зь якіх 575 — паўпрычэпы і 496 — цягачы.
Форум