Наступствы расейскага ўдару па горадзе Дніпро, 12 лютага 2026 году
Расейскія войскі ў ноч на 12 лютага атакавалі Ўкраіну ракетамі і баявымі дронамі. Найбольш пацярпелі Кіеў, Дніпро і Харкаў.
Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што Кіеў атакавалі балітычнымі ракетамі. Пацярпелі тры раёны ўкраінскай сталіцы. «Вораг б‘е балістыкай па інфраструктуры», — напісаў ён.
Паводле яго, ад аскепкаў зьбітых снарадаў пацярпелі прыватны будынак і нежылая тэрыторыя. У два раёны выклікалі брыгады мэдыкаў. Аб пацярпелых пакуль не паведамляюць. Горад зноў апынуўся безь сьвятла і амаль 2 600 дамоў безь цяпла.
У Дніпры ў выніку начнога расейскага абстрэлу раненьні атрымалі немаўля і чатырохгадовая дзяўчынка. Пашкоджаныя прыватныя будынкі.
Увечары 11 лютага расейскія войскі пацэлілі ў краму ў горадзе Барвінкава Харкаўскай вобласьці. Сама меней сем чалавек атрымалі траўмы ці раненьні.
Украіна другі дзень запар атакуе Валгаградзкую вобласьць
Губэрнатар Валгаградзкай вобласьці Андрэй Бачароў паведаміў, што ў ноч на 12 лютага расейская СПА адбівала «ракетную атаку».
«У выніку падзеньня аскепкаў на тэрыторыі аб’екта Міністэрства абароны каля мястэчка Катлубань адбылося ўзгараньне. [...] У мэтах бясьпекі цывільнага насельніцтва ад пагрозы дэтанацыі ў часе пажаратушэньня абвясьцілі і праводзяць эвакуацыю насельніцтва бліжэйшага горада Катлубань. Разгорнутыя пункты часовага знаходжаньня ў Гарадзішчанскіх дому культуры і дзіцячай спартовай школе», — удакладніў губэрнатар.
У Катлубані знаходзіцца расейскі вайсковы арсэнал, на якім захоўваюцца баявыя дроны і іранскія балістычныя ракеты.
У ноч на 11 лютага ўкраінскія войскі пацэлілі ў Валгаградзкі завод «ЛУКОЙЛ-Валгаграднафтаперапрацоўка».
Форум