Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14% эканамічна актыўных беларусаў у Польшчы вядуць уласны бізнэс

Cяргей і Сьвятлана Ціханоўскія на сустрэчы зь беларусамі ў Варшаве, 25 чэрвеня 2025 году
Cяргей і Сьвятлана Ціханоўскія на сустрэчы зь беларусамі ў Варшаве, 25 чэрвеня 2025 году

Грамадзяне Беларусі — другая па велічыні пасьля ўкраінцаў нацыянальная група іншаземцаў, якія працуюць у Польшчы.

PolskieRadio.pl апублікавала агульную колькасьць беларусаў, якія працуюць у Польшчы, і расказала, якім працоўным месцам беларусы аддаюць перавагу.

Згодна з апошнімі дадзенымі Галоўнай статыстычнай управы (GUS) Польшчы, беларусаў, якія працавалі ў краіне ў 2025 годзе, было 117 тысяч чалавек (на 31 сакавіка 2025 году), або прыкладна 11% ад усіх іншаземцаў, якія працуюць у Польшчы.

Усяго ж, паводле Ўправы ў справах іншаземцаў, у верасьні 2025 году дзейныя дакумэнты, якія дазваляюць жыць і працаваць у Польшчы, мелі амаль 146 тысяч беларусаў.

У 2025 годзе беларусы ў Польшчы працавалі ў вельмі розных сфэрах — ад простых работ да вузкаспэцыялізаванага ІТ-сэктару.

Найчасьцей мужчыны з Беларусі працуюць у будаўніцтве і на транспарце — кваліфікаванымі будаўнікамі і прафэсійнымі кіроўцамі ў галіне і міжнародных, і мясцовых перавозак.

Другая група занятых у Польшчы беларусаў — працаўнікі ІТ-сэктару і тыя, хто аказвае прафэсійныя паслугі. Адным з вынікаў вялікай прысутнасьці беларусаў на ІТ-рынку дасьледнікі называюць перамяшчэньне тэхналягічных кампаніяў у Польшчу пасьля 2020 году.

Колькасна трэцюю групу мігрантаў зь Беларусі складаюць апэратары машын, мантажнікі, прамысловыя рабочыя.

За гэтай групай ідуць гандаль і паслугі: беларусы працуюць у раздробным гандлі, рэстаранным і гатэльным бізнэсе.

Згодна з справаздачай Нацыянальнага банку Польшчы за лістапад 2025 году, прыблізна 14% эканамічна актыўных беларусаў вядуць уласны бізнэс у краіне.

Паводле PolskieRadio.pl, 62% мігрантаў з Беларусі маюць вышэйшую адукацыю, 57% маюць пастаянную працу, пад канец 2025 году амаль 139 тысяч грамадзян Беларусі былі зарэгістраваныяя ў Фондзе сацыяльнага страхаваньня, 67% беларусаў плянуюць застацца ў Польшчы назаўсёды.

Паводле Галоўнага статыстычнага ўпраўленьня Польшчы, з канца жніўня 2024 году за год доля замежных работнікаў у Польшчы павялічылася на 5,6% і дасягнула 1 мільёна 103 тысячы чалавек — гэта 6,7% ад агульнай колькасьці работнікаў на польскім рынку працы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG