Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2025 годзе Польшча адмовіла ва ўезьдзе 1135 беларусам

Кніга пра беларускіх эмігрантаў, ілюстрацыйны здымак
Кніга пра беларускіх эмігрантаў, ілюстрацыйны здымак

На беларускім участку вонкавай мяжы Эўразьвязу Польшча адмовіла ва ўезьдзе 1761 замежніку, што на 13% больш, чым годам раней (1558), паведаміла Памежная варта Польшчы.

За мінулы год Польшча не прапусьціла на сваю тэрыторыю 1135 беларусаў, зь якіх 1042 спрабавалі ўехаць празь беларускі ўчастак вонкавай мяжы ЭЗ. У 2024 годзе ў Польшчу аналягічным чынам не пусьцілі 1420 грамадзянаў Беларусі, піша агенцтва «Позірк».

Колькасьць беларусаў, якія падалі заявы аб наданьні міжнароднай абароны праз органы польскай памежнай службы, у 2025 годзе склала 2749. Іх лік істотна скараціўся, бо ў 2024-м іх было 3664 чалавекі.

Колькасьць замежнікаў, затрыманых або выяўленых Памежнай службай Польшчы за незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы з парушэньнем устаноўленых правілаў або за спробу такога перасячэньня на беларускім адрэзку мяжы, у 2025 годзе склала 289, што на 89% менш, чым годам раней, калі падобных выпадкаў было 2582.

Пры гэтым агулам за незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы або яго спробу было затрымалі і выкрылі 173 грамадзяніна Беларусі (134 — на ўезьдзе ў Польшчу, 39 — на выезьдзе).

Акрамя таго, выяўлена 56 грамадзян Беларусі, якія выкарыстоўвалі падробленыя дакумэнты, што даюць права на перасячэньне мяжы або знаходжаньне на тэрыторыі Польшчы.

У 2025 годзе за незаконнае знаходжаньне ў Польшчы затрымалі або выявілі 1394 грамадзянаў Беларусі. 798 беларусаў злавілі на незаконнай працы на тэрыторыі Польшчы.

За 2025 год памежная служба перадала ў іншыя краіны 14 грамадзян Беларусі, якія хадайнічалі аб міжнароднай абароне ў Польшчы, і прыняла 48 беларусаў, якія прасілі прытулак у іншых краінах, дзейнічаючы згодна з Дублінскім рэглямэнтам.

На працягу мінулага году 1295 грамадзян Беларусі пакінулі Польшчу паводле прадпісаньняў памежнікаў гэтай дзяржавы.

На кастрычнік 2025 году ў Польшчы сама меней 146 тыс. грамадзян Беларусі мелі дакумэнты пра легалізацыю на польскай тэрыторыі, паведамляла 12 сьнежня юрыстка Алеся Пажытак, якая спэцыялізуецца на міграцыйным праве.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG