У апублікаваных «файлах Эпштэйна» ёсьць копіі электронных лістоў, адзін з адрасатаў якіх — згаданая менская мадэльная «Студыя Тамара». Перапіска ад яе імя вядзецца з францускім агенцтвам Mademoiselle Agency, усе лісты адпраўленыя ў 2013 годзе.
«Добры дзень. Я таксама буду вельмі радая, калі ў нас зноў пойдзе супраца! Высылаю для пачатку чатырох дзяўчат. Дайце знаць, што вы думаеце наконт іх! Як толькі будзе вынік, буду думаць, каго прапанаваць яшчэ», — пісала ў студзені 2013 году прадстаўніца «Студыі Тамара».
У далучаным паведамленьні некалькі фота і відэа. У лістах ідзецца не пра фізычную адпраўку мадэляў у Францыю ці некуды яшчэ, а маецца на ўвазе перасылка іх фота і відэа.
Сытуацыю Свабодзе пісьмова пракамэнтавалі прадстаўнікі «Студыі Тамара». Паводле іх, ніякага дачыненьня да дзейнасьці фінансіста Джэфры Эпштэйна ні само агенцтва, ні яе супрацоўнікі ня мелі і ня маюць.
«Праца нашых мадэляў за мяжой арганізоўваецца ў дакладнай адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь на падставе Ліцэнзіі аб працаўладкаваньні за мяжой, выдадзенай МУС, — гаворыцца ў адказе „Студыі Тамара“. — Дамовы аб працаўладкаваньні за мяжой заключаюцца ва Ўпраўленьні грамадзянства і міграцыі ГУУС Менгарвыканкаму. Чаму дзелавая перапіска з агенцтвам мадэляў Mademoiselle, дзе мы прапаноўвалі мадэляў для працы ў Парыжы, трапіла ў файлы Эпштэйна, нам невядома і незразумела. Асобы, якія нейкім чынам пацярпелі ад дзейнасьці Эпштэйна або нейкім чынам датычныя да дзейнасьці Эпштэйна, нам невядомыя».
Францускае Mademoiselle Agency перапісвалася з Эпштэйнам шмат разоў, як вынікае з апублікаваных файлаў. Ішлося пра мадэляў з Расеі, Літвы, Францыі ды іншых краін. Некаторыя перапіскі заканчваліся набыцьцём квіткоў для дзяўчат і дамовамі, каб іх сустрэлі. У выпадку з «Агенцтвам Тамара» файлаў, якія б пацьвярджалі адпраўку дзяўчат зь Беларусі, няма.
«Студыя Тамара» працуе з 1993 году, кіруе ім з моманту стварэньня Тамара Ганчарова. Выхаванкамі гэтай студыі ў розны час былі, напрыклад, пераможца конкурсу «Міс Беларусь — 2016» Паліна Барадачова, а таксама Паліна Шуба, даўняя спадарожніца Лукашэнкі на розных імпрэзах і вядоўца беларускай дзяржаўнай тэлевізіі.
Форум