«Калі б такі крок быў старанна кантраляваны, спрыяў бы ўмацаваньню сувэрэнітэту Беларусі, прывёў бы да адчувальных гуманітарных вынікаў — напрыклад, вызваленьня палітычных зьняволеных — і дапамог бы дээскаляцыі сытуацыі ў больш шырокім сэнсе, то ён цалкам апраўданы», — заявіла яна ў пісьмовым камэнтары літоўскаму тэлеканалу LRT.
Нядаўна літоўскія чыноўнікі неаднаразова намякалі, але потым адмаўляліся ад сваіх слоў, на магчымае зьмякчэньне санкцый супраць «Беларуськалія». Некаторыя літоўскія камэнтатары і палітыкі занепакоеныя тым, што аднаўленьне транзыту ўгнаеньняў можа спрыяць палітычнай карупцыі на карысьць Менску.
Беларускія ўгнаеньні складаюць ладную частку беларускага экспарту. Паводле LRT, чакалася, што абмежаваньне іх экспарту павялічыць ціск на Менск, аднак крытыкі мяркуюць, што гэтая мера не спрацавала.
Пасьля таго, як ЗША пачалі перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам і зьнялі санкцыі зь «Беларуськалія» ў абмен на вызваленьне палітычных зьняволеных, сярод літоўскіх палітыкаў узьніклі асьцярогі, што на Брусэль і Вільню будзе аказвацца ціск, каб яны таксама зьнялі санкцыі.
Беларуская апазыцыя і літоўскія дыпляматы заяўляюць, што не атрымліваюць такіх сыгналаў ад ЗША.
Крытыкі таксама адзначаюць, што Расея працягвае экспартаваць угнаеньні ў Эўропу і ЗША.
«Цяжка растлумачыць сытуацыю, калі Расея можа экспартаваць калійныя ўгнаеньні, а Беларусь — не», — заявіла ў адказ Калесьнікава.
3 лютага адбылася сустрэча Калесьнікавай з прэмʼеркай Літвы Інгай Ругінене.
Прэсавы сакратар прэмʼеркі Ігнас Альгірдас Дабравольскас паведаміў, што Ругінене не абмяркоўвала з Калесьнікавай пытаньне зьмякчэньня санкцый супраць «Беларуськалія» і не падтрымлівае аднаўленьне транзыту.
Форум