Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ерка Літвы адказала на прапанову Калесьнікавай павялічыць транспартныя зносіны зь Беларусьсю

Марыя Калесьнікава, Інга Ругінене, Тацьцяна Хоміч падчас сустрэчы ў Вільні 3 лютага 2026
Марыя Калесьнікава, Інга Ругінене, Тацьцяна Хоміч падчас сустрэчы ў Вільні 3 лютага 2026

Інга Ругінене ня бачыць магчымасьцяў паляпшэньня зносін Літвы з Беларусьсю.

Пасьля прапановы былой беларускай палітзьнявоненай Марыі Калесьнікавай аднавіць больш інтэнсіўныя транспартныя зносіны зь Беларусьсю прэмʼерка Літвы Інга Ругінене заявіла, што зараз ня бачыць магчымасьцяў для гэтага.

«Зразумела імкненьне апазыцыі даць людзям Беларусі больш магчымасьцяў убачыць іншы лад, дэмакратычны лад, але пакуль мы адназначна ня бачым магчымасьцяў дазволіць больш паездак, перасячэньняў мяжы, мы пакуль ня бачым магчымасьцяў зрабіць адносіны „больш цёплымі“, пакуль бачым адназначную пазыцыю з боку Беларусі — гібрыдныя атакі, балёны, нашы перавозчыкі не атрымліваюць свае аўтамабілі назад», — сказала Ругінене на прэс-канфэрэнцыі ва ўрадзе ў сераду, яе цытуе BNS.

Пра паляпшэньне транспартных зносін сябра каманды прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта ў 2020 годзе Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава гаварыла ў аўторак 3 лютага на сустрэчы са старшынёй Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі Міндаўгасам Сінкявічусам.

«Марыя Калесьнікава падчас сустрэчы таксама заклікала падвышаць мабільнасьць беларускага народа паміж Літвой і Беларусьсю, падкрэсьліўшы важнасьць больш актыўнага злучэньня з Эўропай і прапанаваўшы аднавіць пасажырскія чыгуначныя зносіны Менск-Вільня і аднавіць аўтобусныя маршруты», — паведаміў у аўторак пасьля сустрэчы з былой палітычнай зьняволенай Сінкявічус.

Літва закрыла большую частку пунктаў пропуску на мяжы з Беларусьсю і пасьлядоўна скарачае колькасьць пасажырскіх аўтобусных маршрутаў паміж Літвой і Беларусьсю.

13 сьнежня пасьля перамоваў з ЗША Беларусь вызваліла 123 палітычных заняволеных. Сярод іх была Марыя Калесьнікава.

Камісія па нацыянальнай бясьпецы Літвы 4 лютага зноў абмяркоўвала сытуацыю з кантрабандысцкімі балёнамі, якія запускаюцца з Беларусі, а таксама блякаду ў Беларусі транспартных сродкаў літоўскіх перавозчыкаў, якая працягваецца, паведаміў BNS прадстаўнік прэмʼер-міністра Ігнас Альгірдас Дабравольскас.

3 лютага Марыя Калесьнікава мела сустрэчу з прэмʼер-міністрам Літвы Інгай Ругінене. Экс-палітзьняволеная заклікала Літву «і надалей падтрымліваць намаганьні ЗША, скіраваныя на дыпляматычную дээскаляцыю ў стасунках зь Беларусьсю».

Калесьнікава падзякавала Ругінене за «пасьлядоўную падтрымку Літвой грамадзянскай супольнасьці Беларусі і дэмакратычнага руху, а таксама за садзейнічаньне ў вызваленьні палітзьняволеных і наданьне ім усёй неабходнай дапамогі».

XS
SM
MD
LG