Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра абурэньне беларусаў на асьвятленьне: «Куды нас, „таталітарную“ дзяржаву, з „дэмакратычнай“ Украінай параўноўваць?!»

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка настойвае на сваёй рацыі ў пытаньні рэжыму працы ліхтароў на вуліцах. Чыноўнікі спачатку выконвалі загад Лукашэнкі уключаць іх а 8-й вечара, потым рэагуючы на прэтэнзіі жыхароў, вярнуліся да ранейшага графіку.

У час нарады з кіраўніцтвам Савету міністраў 6 лютага Аляксандар Лукашэнка заявіў, што скарачэньне часу працы вулічнага асьвятленьня нават на кароткі прамежак дае ў маштабах краіны значную эканомію грошай. Ён сказаў, што гэта дазволіць заашчадзіць на будаўніцтва некаторых аб’ектаў аграпрамысловага комплексу краіны або падвысіць пэнсіі.

Абурэньне ў Лукашэнкі выклікала тое, што беларусы ў сацыяльных сетках параўналі становішча ў краіне з суседняй Украінай, дзе сьвятло адключаецца з іншых прычынаў — празь няспынныя атакі расейскіх ракет на энэргетыку краіны.

Распаўсюд незадаволенасьці жыхароў дзеяньнямі ўлады ў энэргетычнай палітыцы Лукашэнка назваў «працай ІПСА» беларускіх эмігрантаў, якія пакінулі краіну з палітычных меркаваньняў. Прапаганда з падачы Лукашэнкі называе такіх людзей «зьбеглымі». На думку Лукашэнкі, масавая незадаволенасьць падагравалася эмігрантамі і была цэлай інфармацыйна-псыхалягічнай спэцапэрацыяй».

«Думаю, ну адкуль жа тэма ўзялася? ІПСА зьбеглых. Гэта ж яны адтуль закінулі. З космасу. І з Украінай параўналі. Ды куды нас, „таталітарную“ дзяржаву, з „дэмакратычнай“ Украінай параўноўваць?! Думаць жа трэба, што твораць. А з іншага боку — тры малочнатаварныя комплексы і сем прафілякторыяў або гадавое павышэньне на 10% для пэнсіянэраў — я б яшчэ пагадзіўся на гэтых 10-15 хвілін».

Лукашэнка спаслаўся на словы старшыні Менгарвыканкаму Ўладзімера Кухарава, які нібыта сказаў яму, што гэтыя 10-15 хвілін «па году даюць тры малочнатаварныя комплексы па кошце і сем прафілякторыяў для цялятаў». Таксама ён заявіў, што падключэньне вулічнага асьвятленьня дазваляе затым падвышаць пэнсіі ў краіне.

Ён заўважыў, што ў такіх буйных гарадах, як Менск, дастаткова іншых крыніц асьвятленьня, акрамя вулічных ліхтароў, у тым ліку сьвятла ад будынкаў, жылых дамоў, вітрынаў і гэтак далей. Лукашэнка тут ўжыў беларускае слова «навобмацак», прыгадаўшы, імаверна, адзін з камэнтароў ад чалавека, які празь цемру йшоў дадому.

Лукашэнка нагадаў, як у часы Савецкага Саюзу прымаліся розныя рашэньні, у тым ліку па пераходзе на зімовы і летні час, і заклікаў больш эканомна ставіцца да расходаваньня энэргарэсурсаў.

«Каб час выйграць. Па краіне — гадзіна сьветлавая. Гэта ж эканомія была вялікая. А ў нас чаго? Сьвеціцца і сьвеціцца», — сказаў ён.

Зьвярнуўся Лукашэнка і да тэмы Беларускай АЭС, на якую спасылаліся незадаволеныя беларусы ў сеціве. Раней улады абяцалі, што энэргія для насельніцтва з увядзеньнем АЭС патаньнее, але цяпер Лукашэнка заявіў, што праца АЭС патрабуе вялікіх грошай. Адно пераладаваньне паліва на станцыі каштавала 150 мільёнаў даляраў, а «цяпер, напэўна, 200».

Першы раз Лукашэнка выказаў абурэньне нібыта зараньнім уключэньнем вулічнага асьвятленьня ў краіне 3 лютага. Ужо 4 лютага з наступленьнем зьмярканьня і да 20 гадзін гарады Беларусі пагрузіліся ў цемру. 5 лютага, пасьля вялікай хвалі абурэньня грамадзян, сьвятло ўключылі ў звычайным фармаце.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG