Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады адступілі. Сьвятло ў Менску ўключылі раней, не пакінуўшы вуліцы ў цемры

Менск у прыцемках увечары 4 лютага 2026 году
Менск у прыцемках увечары 4 лютага 2026 году

3 лютага Лукашэнка абурыўся «празьмернай» асьветленасьцю вуліц сталіцы і Менскай вобласьці. 4 лютага па ўсёй краіне вулічнае асьвятленьне ўключылі значна пазьней за звычайны графік. Але 5 лютага ўжо на 40 хвілін раней.

Паводле допісаў у сацыяльных сетках, 5 лютага ў Менску ліхтары запалілі на 40 хвілін раней, чым напярэдадні. Такім чынам, можна меркаваць, што ўлады адмовіліся ад ранейшых плянаў, агучаных Лукашэнкам, запальваць ліхтары не раней за 20-ю гадзіну.

У дзяржаўнай арганізацыі «Белэнэрга» заявілі, што «графікі вулічнага асьвятленьня карэктуюць ва ўзаемадзеі зь мясцовымі ўладамі».

Вулічнае асьвятленьне павінна быць разумным і эфэктыўным, пры гэтым забясьпечваючы камфорт і, галоўнае, поўную бясьпеку людзей. Так сказаў намесьнік генэральнага дырэктара «Белэнэрга» Валер Поршнеў, словы якога прыводзіць mlyn.by.

«На сёньня тыя прылады і ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюцца для абслугоўваньня электрычнай сеткі ў населеных пунктах, працуюць у дыстанцыйным фармаце з выкарыстаньнем праграмных комплексаў. Гэта азначае, што энэргетыкі могуць карэктаваць графікі на адлегласьці і ў апэратыўным фармаце. Безумоўна, час уключэньня і выключэньня фармуецца з улікам часу ўзыходу і заходу сонца».

У зонах павышанай адказнасьці — каля школаў, лякарняў, пешаходных пераходаў, аб’ектаў транспартнай інфраструктуры — прымяняецца асаблівы рэжым асьвятленьня. Пытаньні бясьпекі абмяркоўваюцца пры ўдзеле усіх зацікаўленых службаў.

Паводле «Белэнэрга», зыходзячы з агучаных заўваг, энэргетыкі ў супрацы зь мясцовымі выканкамамі выпрацоўваюць адзіны падыход да фармаваньня графікаў вулічнага асьвятленьня з улікам сацыяльных стандартаў і асаблівасьцяў сельскіх населеных пунктаў.



Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG