На тое, што насельніцтва стала меней купляць нехарчовых і харчовых тавараў, напісала дзяржаўнае выданьне «Мінская праўда».
«Канец мінулага года на спажывецкім рынку азнаменаваўся зьніжэньнем пакупніцкай здольнасьці нашых суайчыннікаў. Такую выснову можна зрабіць на аснове таварных запасаў у арганізацыях гандлю, якія на 1 сьнежня склалі 14 з лішнім мільярдаў рублёў ці 55 дзён гандлю, што на 15% вышэй, чым за аналягічны пэрыяд 2024 года», — піша выданьне.
«Статыстыка ў апошнім квартале адзначыла тармажэньне актыўнасьці пакупнікоў. Асабліва раздробны таваразварот зьнізіўся ў Менску, дзе зьніжэньне пакупак харчовых тавараў дасягнула 1,5%, а нехарчовых — 0,6%», — паведамляе «Мінская праўда».
Як паведамляе Белстат, калі за тры першыя кварталы прырост у раздробным гандлі склаў 6,8% да трох кварталаў 2024 года, то ў чацьвертым квартале 2025 года ў параўнаньні з чацьвертым кварталам пазамінулага года ён узрос толькі на 2,5%.
Як сьведчыць Белстат, на канец 2025 году на складах ляжалі запасы на 46 дзён гандлю, а ў пачатку 2026 года — на 47 дзён, у Горадзенскай вобласьці запасаў было на 50 дзён, а ў Менску — на 49 дзён (за сьнежань адбылося невялікае зьніжэньне ў параўнаньні са зьвесткамі за 11 месяцаў).
Сярод харчовых тавараў у 2025 годзе зьнізіліся пакупкі рыбы, садавіны, сокаў, расьліннага алею, мінэральнай вады, алькаголю.
У прыватнасьці ў 2025 годзе беларусы агулам купілі меней алькаголю на паўтара працэнта, у тым ліку гарэлкі — на 0,1% меней, віна вінаграднага — меней на 4%, піва — на 3,9%.
З нехарчовых тавараў менш купілі лядоўняў і маразільнікаў. Вырасла доля імпартных тавараў у пакупках насельніцтва.
Зьніжэньне пакупніцкай здольнасьці «Мінская праўда» зьвязвае з тым, што запаволіліся тэмпы спажывецкага крэдытаваньня. За 11 месяцаў банкі выдалі насельніцтву спажывецкіх крэдытаў на 250 млн. рублёў меней, чым годам раней. Таксама людзі часьцей сталі адкрываць доўгатэрміновыя банкаўскія дэпазыты.
Форум