«Аварыйныя брыгады цеплавікоў, энэргетыкаў, водаканалу працавалі ўсю ноч. Працы працягваюцца», — паведаміў Вячаслаў Гладкоў.
Паводле яго, адукацыйныя ўстановы абласнога цэнтру працуюць у звычайным рэжыме.
«Удзень у часе аднаўленчых работ могуць быць аварыйныя адключэньні, бязь іх цяпер не абысьціся», — адзначыў ён і дадаў, што брак электраэнэргіі, цяпла і вады зьвязаныя з украінскімі абстрэламі.
Ва Ўкраіне працягваюць аднаўляць пашкоджаныя Расеяй ЦЭЦ
Міністар энэргетыкі Ўкраіны Дзяніс Шмыгаль паведаміў, што расейскія войскі пашкодзілі аб’екты генэрацыі, а таксама магістральныя і разьмеркавальныя сеткі ў Кіеве, Харкаўскай, Днепрапятроўскай, Данецкай, Адэскай, Віньніцкай і іншых вобласьцях краіны.
«Сытуацыя ў энэргасыстэме складаная. Энэргетыкі выкарыстоўваюць графікі аварыйных адключэньняў. На крытычных участках ужо пачынаюць усталёўваць дадатковыя генэратары», — адзначыў міністар.
Паводле яго, у Кіеве вельмі сур’ёзна пашкоджана Дарніцкая ЦЭЦ, якая працавала толькі на ацяпленьне жылога сэктару. «Гэта ваеннае злачынства Расеі», — дадаў ён.
Дзяніс Шмыгаль паведаміў, што цяпер шукаюць варыянты падключэньня рэзэрвовага цеплазабесьпячэньня для дамоў, якія апынуліся ў зоне працяглага адключэньня.
Мэр Кіева Віталь Клічко ўдакладніў, што ў Дарніцкім і Дняпроўскім раёнах у выніку пашкоджаньня ЦЭЦ безь цяпла засталіся больш за 1100 дамоў — у іх вымушаныя былі зьліць ваду з сыстэмы ацяпленьня, каб ня лопнулі трубы.
У Запароскай вобласьці тры чалавекі загінулі, 11 параненыя
У Запароскай вобласьці ў выніку расейскіх абстрэлаў тры чалавекі загінулі, 11 атрымалі раненьні.
Як паведаміў кіраўнік рэгіёну Іван Фёдараў, за апошнія 24 гадзіны расейскія войскі нанесьлі 790 удараў па 32 населеных пунктах вобласьці. Для абстрэлаў яны выкарысталі баявую авіяцыю, амаль 500 ударных дронаў і артылерыю.
Улады атрымалі 75 паведамленьняў аб пашкоджаньні жытла, аўтамабіляў і аб’ектаў інфраструктуры.
У Адэскай вобласьці расейцы абстралялі дзіцячыя садкі і школу
Адэскія абласныя ўлады паведамілі, што ў ноч на 4 лютага ў выніку расейскіх абстрэлаў пашкоджаныя больш за 20 жылых дамоў, два дзіцячыя садкі і адна школа. Раненьні атрымалі пяць чалавек, ахвяраў няма.
Адразу ў трох раёнах Адэсы пацярпелі аб’екты інфраструктуры, шматкватэрныя дамы, прыватны сэктар. Без электраэнэргіі застаюцца прыблізна 50 тысяч спажыўцоў вобласьці.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум