Уступныя іспыты на дзьве спэцыяльнасьці ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце зьменяцца з 2027 году. Аб гэтым БелТА паведаміў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Андрэй Кароль.
«У прыёмнай кампаніі 2027 году будуць невялікія зьмяненьні, датычныя пераліку выпрабаваньняў для абітурыентаў юрыдычных спэцыяльнасьцяў БДУ. Пры паступленьні замест замежнай мовы яны будуць здаваць гісторыю Беларусі ў кантэксьце ўсясьветнай гісторыі. Менавіта ў БДУ гэта закране дзьве спэцыяльнасьці — „правазнаўства“ і „эканамічнага права“».
Пры гэтым Кароль адзначыў, што цяперашніх 11-клясьнікаў уведзеныя зьмяненьні не закрануць. Гэта будзе толькі праз год.
Затое ў абітурыентаў 2027 году ёсьць дастаткова часу, каб зарыентавацца на больш паглыбленае вывучэньне прадмету «Гісторыя Беларусі ў кантэксьце ўсясьветнай гісторыі» і якасна падрыхтавацца да ўступных іспытаў у БДУ.
Рэктар адзначыў, што гэтыя зьмяненьні ва ўнівэрсытэце лічаць своечасовымі.
«Нашы выпускнікі юрыдычнага факультэту працуюць у дзяржаўных установах, органах дзяржаўнай улады, трансьлююць дзяржаўны парадак дня, прымаюць стратэгічна важныя для Беларусі рашэньні, маюць актыўную грамадзянскую пазыцыю. Менавіта таму дадзеныя спэцыялісты павінны валодаць тонкім успрыманьнем гістарычнага кантэксту, умець суадносіць нашы дзяржаўныя сацыяльна-эканамічныя, палітычныя працэсы з усясьветнымі».
Форум