Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забаранілі званіць дадому. Што адбываецца з грамадзянінам Літвы і Францыі, які абвясьціў галадоўку ў беларускай калёніі

Сяргей Ботвіч, фота belsmi.by
Сяргей Ботвіч, фота belsmi.by

Блізкая асоба палітзьняволенага бізнэсоўца Сяргея Ботвіча, які сядзіць у Беларусі за «шпіянаж», расказала Свабодзе, што пра яго вядома.

Летась 13 сьнежня стала вядома, што палітвязень Сяргей Ботвіч (гаворка пра асуджанага за шпіянаж бізнэсоўца, за кратамі ў Беларусі зараз два Сяргеі Ботвічы, якіх праваабаронцы прызнаюць палітвязьнямі — РС) пачаў галадоўку за кратамі. Пра гэта напісала выданьне «Люстэрка», спаслаўшыся на людзей, якія вызваліліся з калёніі, дзе сядзіць Ботвіч. Галадоўка ўскладняецца тым, што ў мужчыны ёсьць сур’ёзныя захворваньні.

Сяргею Ботвічу 61 год. Ён бізнэсовец. Нарадзіўся ў Беларусі, мае грамадзянства Літвы і Францыі. Ужо больш за 4,5 года знаходзіцца за кратамі — цяпер у калёніі № 22 пад Івацэвічамі, якую называюць «Воўчыя норы». Ботвіча абвінавацілі ў «шпіянажы» і «агентурнай дзейнасьці». Асудзілі на 13 гадоў зьняволеньня. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

«Ужо трэці месяц яму не дазваляюць перадаваць лекі»

Блізкая асоба Сяргея Ботвіча, якая знаходзіцца за мяжой (мы не называем імя дзеля бясьпекі. — РС), расказала Свабодзе, што з таго моманту, як інфармацыя пра галадаваньне стала публічнай, Ботвічу забаранілі тэлефанаваць родным. У сям’і больш за месяц няма пра яго ніякай інфармацыі.

«З сваімі дзецьмі яму забаронена кантактаваць ужо другі год», — кажа суразмоўца.

У Ботвіча чацьвёра дзяцей ад некалькіх шлюбаў. Яны ўсе жывуць за межамі Беларусі: у Расеі і Літве. Сярод іх ёсьць паўналетнія, а найменшае дзіця, калі Ботвіча затрымалі, было немаўлём. Пасьля затрыманьня мужа ягоная апошняя жонка падала на развод, расказвае суразмоўца.

Паводле зьвестак Свабоды, арышт Сяргея Ботвіча і вялікі тэрмін, на які яго асудзілі, моцна паўплывалі на аднаго зь ягоных сыноў, якому цяпер 19 гадоў. Хлопец жыве ў Літве.

«У яго разьвілася цяжкая дэпрэсія, зьявіліся праблемы з сэрцам, сфармаваліся пераяданьне і іпахондрыя. Ён ня раз ляжаў у шпіталі і ня скончыў школу. Ён штодня кажа, што адчувае сябе нібы паміж небам і зямлёй, бо ня ведае, ці яму яшчэ ўдасца ўбачыць бацьку жывым», — кажа суразмоўца.

Калёнія "Воўчыя норы" пад Івацэвічамі, дзе зараз трымаюць Сяргея Ботвіча
Калёнія "Воўчыя норы" пад Івацэвічамі, дзе зараз трымаюць Сяргея Ботвіча

Ці скончыў Сяргей Ботвіч пачатую больш за месяц таму галадоўку, невядома. Адвакат да яго ня ходзіць, кажа крыніца Свабоды. Вядома, што Сяргею Ботвічу не перадаюць неабходных лекаў і прадуктаў.

«Самае страшнае — ужо трэці месяц яму не дазваляюць перадаваць лекі і ўвогуле любыя перадачы. Чалавек, у якога дыябэт і трамбоз і які не атрымлівае лекаў, фактычна асуджаны на сьмерць. Уся гэтая сытуацыя жахлівая. Таксама ён ня раз казаў, што да яго кепска ставяцца і не дазваляюць мець грошы на картцы, з дапамогай якой асуджаныя купляюць там самыя неабходныя рэчы», — кажа блізкі чалавек Ботвіча.

З словаў суразмоўцы, родных у Ботвіча ў Беларусі засталося мала. У 2021 годзе, калі яго затрымалі, ён ехаў зь Літвы на могілкі ў вёску Новы Двор Сьвіслацкага раёну, дзе пахаваныя ягоныя бацькі й іншыя крэўныя.

«Мяне выкралі супрацоўнікі КДБ»

Сяргей Ботвіч нарадзіўся ў вёсцы Новы Двор Сьвіслацкага раёну Беларусі. У маладосьці пераехаў жыць у Літву. Быў тройчы жанаты, ёсьць чацьвёра дзяцей. Меў жытло ў некалькіх краінах, у тым ліку ў беларускай частцы Белавескай пушчы і ў Літве, расказвала раней крыніца, знаёмая з Ботвічам.

Ён меў бізнэс у Літве, спэцыялізаваўся на вытворчасьці і продажу драўлянага вугалю, а таксама на турызьме. Займаўся таксама бізнэсам у Францыі, Расеі і Беларусі. Супрацоўнічаў з партнэрамі ў Францыі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, Нідэрляндах, ЗША.

Як расказвала раней Свабодзе асоба, знаёмая з Ботвічам, у 2021 годзе знаёмыя запрасілі прадпрымальніка ў Беларусь. Ён прыехаў на радзіму 16 чэрвеня. Ужо 21 чэрвеня ў Горадні яго затрымаў КДБ.

«Яго выманілі пад гарантыі бясьпекі ад высокапастаўленага чыноўніка. Яны пайшлі ў рэстарацыю адпачываць. Там ён на п’яную галаву нагаварыў рознага, а прачнуўся ў СІЗА горадзенскай турмы», — расказваў суразмоўца Свабоды.

Турма ў цэнтры Горадні, дзе таксама знаходзіцца СІЗА
Турма ў цэнтры Горадні, дзе таксама знаходзіцца СІЗА

Ботвіч, з словаў крыніцы, не разумеў, за што яго пасадзілі, і не прызнаваў сваёй віны. Доўгі час ён быў перакананы, што турма — гэта розыгрыш ад ягоных сяброў.

«Ён расказваў, маўляў, вось я сяджу і чакаю, пакуль адчыняцца дзьверы, прыйдуць сябры і скажуць, што гэта жарт», — пераказваў словы Ботвіча наш суразмоўца.

Вязень, які сядзеў разам з Ботвічам і бачыў ягоныя старыя фота, расказваў Свабодзе, што той моцна схуднеў за кратамі. Сяргей лёгка гаварыў па-беларуску і па-ангельску, ахвотна падтрымліваў гістарычныя тэмы. З словаў суразмоўцы, Ботвіч ведае 6 моваў, мае філялягічную і фінансавую адукацыі.

Летась у ліпені выданьне «Наша ніва» апублікавала ліст, які, паводле «НН», Сяргей Ботвіч нейкім чынам перадаў на волю. Фрагмэнты інфармацыі ў лісьце супадалі з тым, што раней пра бізнэсоўца расказвалі Свабодзе іншыя крыніцы. У лісьце прадпрымальнік заявіў пра катаваньні.

«Я быў выкрадзены супрацоўнікамі КДБ Рэспублікі Беларусь і ўзяты пад варту 21.06.21 (будучы этнічным беларусам, я прыехаў наведаць сястру і адведаць магілы бацькоў і сваякоў). Паўтара года трымалі ў адзіночнай камэры. Паддавалі 10-гадзінным допытам (перакрыжаваным), пакідаючы бязь ежы і піцьця на гэты час пры [маіх] хранічных захворваньнях: цукровіца, посттрамбозны сындром, гіпэртанія і падагра», — пісаў ён у лісьце.

Паводле Сяргея Ботвіча, беларускія сілавікі прапаноўвалі яму абгаварыць сябе, прызнаўшыся ў нібыта шпіёнскай дзейнасьці на карысьць Літвы.

«Патрабавалі пацьвердзіць, што нібыта я зьяўляюся супрацоўнікам Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літоўскай Рэспублікі. Ува ўсіх дакумэнтах я праходзіў як „иноразведчик“», — пісаў ён.

Сяргей Ботвіч сьцьвярджае, што беларускія спэцслужбы шантажавалі ягоных сваякоў.

«Ня маючы ніякіх доказаў, беларускія спэцслужбы незаконна ўжылі да мяне артыкулы 358 і 358-1 і пры адсутнасьці складу шпіянажу прысудзілі мне 13 гадоў пазбаўленьня волі», — сьцьвярджае Сяргей Ботвіч.

Ботвіч закончыў ліст заклікам пра дапамогу і папярэджаньнем на адрас грамадзян краін Эўразьвязу аб небясьпецы, якую нясуць спэцслужбы Беларусі.

«Я зьвяртаюся да ўсёй эўрапейскай дэмакратычнай грамадзкасьці, каб падтрымалі мяне і маю сям’ю, бо ў такой сытуацыі можа апынуцца кожны жыхар Эўразьвязу. Гэты спрут з назвай з камуністычнага мінулага цынічна і нахабна прысутнічае на эўрапейскай тэрыторыі, урываецца ў прыватнае жыцьцё, запалохвае і вэрбуе эўрапейскіх грамадзян, а таксама праслухоўвае іх тэлефонныя размовы», — кажа Сяргей Ботвіч.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG