Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Швайцарыі асудзілі студэнтаў за антыізраільскі пратэст зь незаконным пранікненьнем. ААН крытыкуе вырак

Прапалестынскі пратэст у Жэнэве, Швайцарыя, архіўны здымак
Прапалестынскі пратэст у Жэнэве, Швайцарыя, архіўны здымак

Экспэрты ААН у правах чалавека зьвярнуліся з пратэстам у Бэрн пасьля таго, як група студэнтаў была асуджаная за незаконнае пранікненьне пасьля ўдзелу ў прапалестынскіх пратэстах ва ўнівэрсытэце, гаворыцца ў іхнай заяве, апублікаванай 27 студзеня.

Каля 70 студэнтаў швайцарскага ўнівэрсытэту ETH Цюрых у траўні 2024 году ўзялі ўдзел у мірнай сядзячай забастоўцы ў межах студэнцкіх дэманстрацый у некалькіх гарадах у час вайны ў Газе, пасьля чаго іх разагнала паліцыя.

Студэнты, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, выступалі супраць партнэрства швайцарскай навучальнай установы з ізраільскімі ўнівэрсытэтамі, паведамілі экспэрты ААН, піша Reuters.

«Мірны студэнцкі актывізм, як на тэрыторыі ўнівэрсытэту, так і за яе межамі, ёсьць часткай права студэнтаў на свабоду выказваньня меркаваньняў і мірных сходаў і не павінен быць крыміналізаваны», — заявілі ў ААН, дадаўшы, што яны накіравалі лісты ўраду Швайцарыі і ўнівэрсытэту.

Прадстаўнік Фэдэральнага міністэрства юстыцыі і паліцыі Швайцарыі неадкладна не адказаў на запыт аб камэнтары, як і прадстаўнік Цюрыскага палітэхнічнага інстытуту (ETH Zurich).

Пяцёра студэнтаў асуджаныя за незаконнае пранікненьне, у выніку чаго ім прызначылі адтэрмінаваныя штрафы ў памеры да 2700 швайцарскіх франкаў ($3,516.08), судовыя выдаткі ў памеры больш за 2000 швайцарскіх франкаў ($2,604.85) і судзімасьць, якую часта запытваюць будучыя працадаўцы, — выказваюць заклапочанасьць у ААН.

Яшчэ дзесяць чалавек, якія абскардзілі абвінавачваньні, чакаюць прысуду. Двое былі апраўданыя.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG