Палестынскі рух ХАМАС хоча ўключыць сваіх 10 000 паліцыянтаў у новую палестынскую адміністрацыю, якую падтрымліваюць ЗША. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з праблемай.
Паводле мірнай угоды, тэхнакратычны камітэт пад кіраваньнем ЗША павінен узяць на сябе кіраваньне Газай.
Пасьля перамір’я з Ізраілем, якое ўступіла ў сілу 10 кастрычніка 2025 году, ХАМАС кантралюе менш за палову тэрыторыі сэктару. Згодна з 20-пунктавым плянам прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, Нацыянальны камітэт кіраваньня Газай возьме на сябе кіраваньне тэрыторыяй, прычым ХАМАС ня будзе ўваходзіць у яго склад.
Кіраўніцтва тэрарыстычнай групы у лісьце заклікала амаль 40 000 дзяржаўных службоўцаў і сілавікоў супрацоўнічаць з камітэтам. Яно запэўніла іх, што працуе над іх інтэграцыяй у новы ўрад. Чатыры неназваныя крыніцы паведамілі, што патрабаваньне таксама будзе ўключаць далучэньне да новай адміністрацыі каля 10 000 супрацоўнікаў паліцыі, якой кіруе ХАМАС.
Праўдападобна, Ізраіль не пагодзіцца на гэта. Краіна выступае супраць удзелу ХАМАС у будучыні Газы.
У мінулы чацьвер на Ўсясьветным эканамічным форуме (СЭФ) у Давосе Трамп падпісаў Хартыю, якая стварыла Раду міру. Яна будзе служыць пераходнай адміністрацыяй для вызначэньня рамак і каардынацыі фінансаваньня аднаўленьня сэктару Газа. Праграма ўключае палажэньне, якое забараняе «замежным тэрарыстычным арганізацыям» удзельнічаць у яго кіраваньні.
ХАМАС (Ісламскі рух супраціву) — арганізацыя, створаная ў Палестынскай аўтаноміі. У ЗША, Ізраілі, Японіі, Канадзе і Эўразьвязе лічыцца тэрарыстычнай арганізацыяй, яшчэ шэраг дзяржаваў прызнае ХАМАС тэрарыстамі, але толькі баявое крыло руху.
Форум