Гэтая інфармацыя выклікала крытыку з боку эўрапейскіх калег, зварот Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў МЗС Баўгарыі, а таксама ноту пратэсту Міністэрства замежных справаў Баўгарыі на адрас Саюзу баўгарскіх журналістаў. Баўгарская служба Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода высьветліла, як усё адбывалася.
Хто арганізуе дыскусію
Дыскусію заплянавалі на вечар 26 студзеня ў штаб-кватэры Саюзу баўгарскіх журналістаў (СБЖ) у Сафіі. У паведамленьні дзяржаўнага агенцтва «Минск–новости» адзначалася, што прапагандыстаў запрасіла яго старшыня Сьняжана Тодарава.
Але пазьней навіну выдалілі з сайту агенцтва «Минск–новости». Ніякіх паведамленьняў аб запрашэньні няма і на сайтах адпаведных журналісцкіх арганізацыяў Беларусі і Баўгарыі.
У інтэрвію Баўгарскай службе Радыё Свабода Сьняжана Тодарава назвала гэтую інфармацыю «яркім прыкладам фэйкавых навін».
«Гэта ня першы раз, калі хтосьці хоча нанесьці ўдар па Саюзе баўгарскіх журналістаў і па мне асабіста, — сказала яна. — Трэба быць дурнем, каб запрашаць беларускіх журналістаў, ведаючы, што яны ніколі не прыедуць», — дадала Тодарава.
Эўразьвяз увёў санкцыі — візавыя і забарону на ўезд у эўрапейскія краіны — супраць шэрагу прадстаўнікоў Беларускага саюзу журналістаў і яго кіраўніка Андрэя Крывашэева.
Трэнэры дыскусіі
Сьпікерамі і мадэратарамі дыскусіі вызначаныя Георгі Готэў і Каліна Ангелава — прадстаўнікі фінансаванага Эўразьвязам праекту EU4Debunk, мэта якога — дапамагаць грамадзянам арыентавацца ў асяродзьдзі лічбавых мэдыя.
Георгі Готэў заявіў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што яму нічога не вядома пра запрошаных беларускіх журналістаў.
«Мы нікога не запрашалі, але ўсіх вітаем», — сказаў ён.
Георгі Готэў паведаміў, што зьвярнуўся да Саюзу баўгарскіх журналістаў з просьбай, каб «аўдыторыя дыскусіі была больш кансэрватыўнай».
«Калі б я зьвярнуўся да „Асацыяцыі эўрапейскіх журналістаў — Баўгарыя“ (аналяг Беларускай асацыяцыі журналістаў. — РС), мы б усе былі аднадумцамі, і я ня ўпэўнены, што дыскусія паміж аднадумцамі была б такой карыснай», — адзначыў прадстаўнік праекту EU4Debunk.
Што вядома пра Саюз баўгарскіх журналістаў і яе кіраўніцу
Саюз баўгарскіх журналістаў працягвае супрацоўнічаць з афіцыйнымі СМІ Беларусі і Расеі нават пасьля падтрыманага ўладамі Беларусі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
У ліпені 2024 году старшыня СБЖ Сьняжана Тодарава наведвала Беларусь «для абмену досьведам» зь беларускімі мэдыяінстытутамі і з энтузіязмам апісвала сытуацыю ў краіне. Яна падпісала пагадненьне аб супрацоўніцтве з кіраўніком Беларускага саюзу журналістаў Андрэем Крывашэевым, якое мусіла «спрыяць беспасярэдняй камунікацыі паміж журналістамі дзьвюх краін», паведамляецца на сайце Саюзу баўгарскіх журналістаў.
Сама Сьняжана Тодарава вядомая як прыхільніца Крамля, яна часта наведвае Расею і Беларусь. У верасьні 2025 году яна атрымала ад прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна «Ордэн Дружбы», які ёй уручыла пасол Расеі ў Баўгарыі Элеанора Мітрафанава.
У 2014 годзе ў інтэрвію парталу «Столетие» Тодарава заявіла пра Ўкраіну, што «адраджэньне фашызму, наступ бандэраўцаў палохаюць баўгараў».
Сьняжана Тодарава скончыла факультэт расейскай філялёгіі Ленінградзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 1979 годзе стала супрацоўніцай міжнароднага аддзелу Саюзу баўгарскіх журналістаў, потым загадчыцай аддзелу. У 2010 годзе яе абралі генэральным сакратаром арганізацыі, а з 2011 году яна ачоліла гэты саюз.
Яна ўзначальвае СБЖ трэці тэрмін, нягледзячы на парушэньні, якія выявілі падчас леташняга зьезду. Сярод іх — падмена сьпісаў, галасаваньне без паўнамоцтваў і фальсыфікацыя вынікаў галасаваньня, паведаміў «Клуб Z». Тым ня менш Тодарава застаецца кіраўніцай арганізацыі.
Падчас камуністычнага рэжыму яна была супрацоўніцай Шостага ўпраўленьня дзяржаўнай бясьпекі. Яе завэрбавалі ў 1988 годзе, у якасьці агента яна супрацоўнічала пад псэўданімам «Віялета», і выконвала заданьні, зьвязаныя зь міжнароднымі сувязямі СБЖ.
На сайце Саюзу баўгарскіх журналістаў шмат прарасейскіх артыкулаў і афіцыйных паведамленьняў пасольства Расеі ў Баўгарыі.
Сьняжана Тодарава таксама старшыня Каардынацыйнай рады «Баўгарыя — Расея». Як кіраўніца гэтай арганізацыі яна летась абвясьціла, што пачынае збор галасоў за аднаўленьне помніка Савецкай арміі ў Сафіі.
Форум