Намёт гуманітарнай дапамогі, дзе жыхары Кіева могуць сагрэцца, зарадзіць свае прылады, атрымаць гарачыя напоі і псыхалягічную дапамогу. 12 студзеня 2026 году. Ілюстрацыйнае фота
Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што ў сталіцы ў выніку апошніх абстрэлаў расейскіх войскаў безь цяпла і электраэнэргіі застаюцца прыблізна 500 шматпавярховых дамоў.
«Сталічныя камунальнікі працягваюць аднаўляць пашкоджаную атакамі інфраструктуру. [...] Энэргетыкі таксама працуюць над аднаўленьнем сьвятла», — сказаў Віталь Клічко.
Паводле яго, з дэфіцытам электраэнэргіі сутыкнулася і крытычная інфраструктура.
Расея і Ўкраіна абмяняліся ўдарамі па танкерах у Чорным моры
Агенцтва Reuters паведаміла, што ў Чорным моры, недалёка ад тэрміналу Касьпійскага трубаправоднага кансорцыюму ў расейскім порце Новарасійску, пад атаку трапілі сама меней тры нафтавыя танкеры, кіраваныя грэцкімі кампаніямі і зафрахтаваныя для загрузкі нафтаю з Казахстану.
У Міністэрстве энэргетыкі Казахстану ўдакладнілі, што ў выніку атакі бесьпілётнікаў у раёне тэрміналу кансорцыюму пацярпелі два танкеры — Matilda і Delta Harmony, якія мелі перавозіць казахстанскую нафту. На караблі Matilda «зафіксавалі выбух без наступнага ўзгараньня, ахвяраў і пацярпелых сярод экіпажу няма», адзначылі ў ведамстве. Паводле казахстанскага боку, Matilda была пад сьцягам Мальты, Delta Harmony — пад сьцягам Лібэрыі.
У апошнія некалькі тыдняў расейскія і ўкраінскія войскі наносяць удары па танкерах і іншых вадаплавах, якія накіроўваліся ў парты Расеі і Ўкраіны і ў адваротным кірунку. Некалькі дзён таму ў выніку, імаверна, украінскай атакі пацярпеў танкер «Эльбус» пад сьцягам Палаў каля берагоў Турэччыны. Расея ў сваю чаргу атакавала два караблі каля берагоў Украіны — танкер пад сьцягам Панамы і сухагруз пад сьцягам Сан-Марына.
Форум