Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране падчас пратэстаў улады пакаралі сьмерцю іранца, які нібыта шпіёніў на карысьць Ізраілю


Іранскія сілавікі разганяюць акцыю пратэсту на кірмашы ў Тэгеране. 6 студзеня 2026 году
Іранскія сілавікі разганяюць акцыю пратэсту на кірмашы ў Тэгеране. 6 студзеня 2026 году

Другі тыдзень у Іране працягваюцца пратэсты супраць улады. У выніку сутычак пратэстоўцаў зь сілавікамі шмат ахвяраў і арыштаваных.

Іран пакараў сьмерцю чалавека, абвінавачанага ў шпіянажы на карысьць Ізраілю. Як паведаміла агенцтва Reuters з спасылкай на іранскае судовае выданьне Mizan, імя расстралянага Алі Ардэстані.

«Сьмяротны прысуд Алі Ардэстані за шпіянаж на карысьць выведнай службы Масад шляхам наданьня канфідэнцыйнай інфармацыі быў выкананы пасьля ўхваленьня Вярхоўнага суду і ў адпаведнасьці з юрыдычнымі працэдурамі», — працытавала агенцтва публікацыю ў іранскім выданьні.

Дзесяцігодзьдзямі ўцягнуты ў ценевую вайну з Ізраілем, Іран пакараў сьмерцю многіх людзей, якіх абвінавацілі ў сувязях з ізраільскай выведнай службай і спрыяньні яе апэрацыям у краіне.

Сьмяротных пакараньняў іранцам, асуджаным за шпіянаж на карысьць Ізраілю, было вынесена значна больш пасьля наўпроставай канфрантацыі паміж двума рэгіянальнымі ворагамі ў чэрвені 2025 году, калі ізраільскія і амэрыканскія войскі нанесьлі ўдары па ядзерных аб’ектах Ірану.

Маштабы пратэстаў нарастаюць

Іранская служба Радыё Свабода паведаміла аб росьце колькасьці гарадоў, ахопленых акцыямі пратэсту. Пабольшала таксама і сілавікоў на акцыях. У сацыяльных сетках публікуюць запісы, на якіх чуваць стрэлы. Цяпер пратэстоўцы выгукаюць палітычныя лёзунгі супраць чыноўнікаў Ісламскай Рэспублікі, асабліва супраць найвышэйшага лідэра Ірану Алі Хамэнэі.

Агенцтва AFP паведаміла, што 6 студзеня іранскія сілы бясьпекі выкарысталі сьлезацечны газ для разгону дэманстрантаў на тэгеранскім кірмашы. Гэты газ пайшоў у бок лякарні ў цэнтры Тэгерану.

Напярэдадні міжнародныя агенцтвы паведамлялі, што ў Іране за дзевяць дзён вулічных пратэстаў загінулі сама меней 29 чалавек і больш за 1200 арыштаваныя.

З канца сьнежня 2025 году акцыі пратэсту адбыліся прынамсі ў 88 гарадах краіны ў 27 з 31 правінцыі.

Пратэсты пачаліся ў канцы сьнежня 2025 году страйкам уладальнікаў крамаў у Тэгеране, якія такім чынам адрэагавалі на рэзкі рост цэнаў, інфляцыю і падзеньне курсу валюты. Пасьля зьяўленьня ахвяраў сярод пратэстоўцаў акцыі перарасьлі ў палітычныя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG